Хто сапраўдны ўладар?
Шэсць дастойных маладых сямей спаборнічалі сёлета ў раённым конкурсе «Уладар сяла-2021». Усе яны працавітыя, творчыя, таленавітыя, і конкурсныя заданні пацвердзілі гэта. Прадстаўляючы свае сем’і ў візітоўках, усе стараліся яскрава і лаканічна расказаць пра сябе. І самі маладыя бацькі, і іх дзеткі чыталі вершы, спявалі, падтрымлівалі адно аднаго, пацвярджаючы выказванне, што сям’я – гэта пастаянная праца, клопат пра блізкіх і ўменне прыйсці на дапамогу.
Захапляльнымі былі традыцыйныя заданні конкурсу, з якімі так спрытна спраўляліся маладыя сяльчане. Яны па-майстэрску пілавалі бярвенні на калодкі, якія затым мужчыны хуценька рассякалі, а іх жонкі гэтак жа рупліва і акуратна складвалі. Не дзеляць, відаць, маладыя сяльчане работу на мужчынскую і жаночую, бо вельмі ж умела жанчыны забівалі цвікі, а іх мужчыны прышывалі гузікі ды абіралі бульбу… Ды і дзеткі, нават самыя малыя, дапамагалі сваёй камандзе з усіх сіл: па-майстэрску збіралі рассыпаную бульбу, «вудзілі рыбу» ў імправізаваным вадаёмчыку.
Надзвычайна прыгожа аформілі ўдзельнікі конкурсу і свае падвор’і, ля кожнага з якіх хацелася спыніцца і доўга разглядаць і каштаваць усё, на што здатныя гэтыя людзі. Дарэчы, кожная каманда прыехала на свята са сваёй групай падтрымкі, у складзе якой былі сваякі, блізкія, сябры. І гэта рабіла конкурс яшчэ цікавейшым.
І вось яна, кульмінацыя конкурсу – падвядзенне вынікаў. Падзячнымі словамі, падарункамі, салодкімі прызамі ды цацкамі (а як жа дзеткам без іх) адзначаны былі ўсе. Але ж конкурс на тое і конкурс, каб назваць пераможцаў. І першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Завацкі зрабіў гэта. Першага месца з уручэннем культыватара ўдастоены Ігар і Вольга Яўгелі з Людвінова, якія будуць прадстаўляць Вілейшчыну на абласным этапе конкурсу. Другое месца прысуджана Юрыю і Вользе Аміланскім з Ільянскага сельсавета – іх чакае таксама патрэбны на вёсцы падарунак – цялятка, а сям’я Сяргея і Анастасіі Кузняцовых з Асіпавічаў удастоена трэцяга месца і таксама жывога прыза – парасяці.
Ірына БУДЗЬКО