Наташа Блізнюк калісьці заваявала «Адну зямлю». Так называецца папулярны ў рэгіёне конкурс вакалістаў. Сёння яна чацвёрты дзень на пасадзе мастацкага кіраўніка вілейскага Палаца культуры. Сюды атрымала накіраванне пасля заканчэння Мінскага каледжа мастацтваў. І трэці дзень запар, у складзе агітбрыгады, выязджае ў поле. Каб добрай песняй павіншаваць лідараў жніва з іх чарговай працоўнай перамогай. Наташы яшчэ, як кажуць, не прыглядзеліся жніўныя палеткі. Усё ёй тут у навінку: камбайны, якія яна, гараджанка, назірала ў полі толькі здалёку. Свежанамалочаная збажына ў кузавах цяжкагружаных аўтамабіляў. Колкае іржышча, па якім лепш хадзіць у закрытым абутку. І, вядома, не на абцасе.
Паколькі сёння твая сцэна – без падмосткаў і занавесу. Але слухачы ўсё роўна просяць пець на «біс». І яны спяваюць з Сяргеем Рудніцкім, акампаніятарам Палаца культуры, які, у адрозненне ад Наташы, у складзе агітбрыгады выязджае ўжо колькі год запар. Але з той жа эмацыянальнай узнёсласцю расказвае пра гэтыя імправізаваныя канцэрты ў полі, дзе авансцэна не раздзяляе слухачоў і артыстаў, дзе некуды падключыць фанаграму, а голас і музыка, не ўзмоцненыя мікрафонам, гучаць натуральна і вольна, ва ўсю ім прыродай наканаваную моц.
У акцыянерным таварыстве «Алая зара», якое нядаўна перажыло рэарганізацыйны перыяд, працэс прайшоў без асаблівых стрэсаў. Як належнае, успрынялі гэты новы этап у развіцці працаўнікі абедзвюх гаспадарак, – расказвае ідэолаг «Алай зары» Ірына Шупенька. Вось і на гэтым жытнім полі, што раскінулася за ваколіцай Рэчак,яны дружна ўбіраюць ураджай года, які стаў знакавым у іх жыцці. Сёння ўжо гаворка не вядзецца наконт таго, каму першапачаткова належаў гэты палетак. Галоўнае, каб быў ён убраны ўвесь да каласка. Бо набытак стане агульным.
Як правіла, візіт агітбрыгады датасоўваецца да абедзеннага перапынку. Мы і на гэты раз не прамахнуліся. Камбайны спакваля падцягваліся да ўскрайку поля, спыняючы ход на скошаным ржышчы, насупраць крайняй вясковай сядзібы. Выглянула за аселіцу яе гаспадыня. Уладкаваўшыся на калёсах, так і не пакінула свайго пункту назірання да самага сканчэння дзеі. А да месца сустрэчы ўжо прыбыў экіпаж Мінчыкаў, пасады ў якім размеркаваны згодна сямейнай іерархіі. Бацька, Франц, – старшы камбайнер. Сын, Аляксей, – проста камбайнер ці, як традыцыйна кажуць, – памочнік.
– Вы б хутчэй заспявалі, пажартаваў Франц, звяртаючыся да артыстаў, – я падпеў бы вам і паехаў… Са згоднай усмешкай Сяргей Рудніцкі расцягнуў мяхі баяна. А Марына Шупенька, вядучы спецыяліст ідэалагічнага аддзела райвыканкама, пасля такога лірычнага ўступу, – прыступіла да сваёй пачэснай місіі – уручэння падзячных пісьмаў ад старшыні раённага выканаўчага камітэта. Падзяку атрымоўвае не толькі Франц Мінчык, але і старэйшы сын яго Андрэй, які ўзначальвае яшчэ адзін уборачны экіпаж.
– Ён не адзін сезон у мяне быў памочнікам – мае Франц гонар за поспехі сына.
– Восем, – удакладняе Андрэй. – І пяты ўжо працую самастойна. Не забывайся, што ў мяне яшчэ і кормаўборачны комплекс.
– А ты раскажы, як цябе механікам прызначылі. А ты адмовіўся ад кіруючай пасады, – не збаўляе жартаўлівага тону бацька.
А факт такі ў біяграфіі сям’і Мінчыкаў сапраўды меў месца. Андрэй, які з дзяцінства быў з тэхнікай на «ты», закончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Гэта пасля сельгасліцэя. У гаспадарцы ўзрадаваліся кампетэнтнаму спецыялісту і прызначылі на даўно вакантную пасаду. Андрэй крыху пакіраваў. А пасля прыйшоў да бацькі з мужчынскай размовай, у надзеі на слушную параду:
– Не магу я мужыкам, старэйшым за сябе, загады аддаваць. Ды лепш я сам, уласнаручна, тую гайку закручу…
– Не можаш – то і не трэба. Важна, не кім працуеш, а як, – пацвердзіў бацька тую слушную ісціну, якой здаўна кіруецца сям’я Мінчыкаў. І вярнуўся Андрэй на камбайн, і ад таго не паменела людской да яго павагі. У пацвярджэнне – гэта падзячнае пісьмо ад кіраўніка раённай выканаўчай улады.
Калі разгаварыліся, Франц Мінчык нагадаў, што пару сезонаў памочнікам у яго была дачка Таццяна, якая цяпер у дэкрэтным водпуску па догляду дачушкі Алісы, яго ўнучкі. Другую ўнучку Франца завуць Васілісай. Сямейнай тайнай застаецца – ці выпадковае тое моўнае сугучча імён: Аліса – Васіліса. Хоць вершы пішы. Васілісе ўсяго 9 месяцаў.
– Тату пазнае? – пытаюся ў Андрэя.
– Плача, як убачыць, – гумар – гэта таксама геннае ў сям’і Мінчыкаў.
– А жыта харошае, – сур’ёзна гаворыць на развітанне Франц, – галоўнае, – намалотнае. Колас буйны. – І гэта ўжо зусім сур’ёзна. Ёсць рэчы, пра якія сапраўдны хлебароб не стане жартаваць.
А Ірына Шупенька спяшаецца прадоўжыць маршрут агітбрыгады. На той самы праблемны ўчастак жніва, дзе цяпер працуе яшчэ адзін уборачны атрад сельгаспрадпрыемства.
Для Мікалая Вайцяхоўскага, кіраўніка акцыянернага таварыства, – гэта першае жніво ў «Алай зары». Расказвае, як з-за частых дажджоў не маглі падступіцца да тарфянікаў, на якіх бачна выспявала жыта. Нарэшце, злавілі момант.
Вынік работы ўборачных агрэгатаў – скошаны палетак плошчай у 20 гектараў. Літаральна за тры гадзіны камбайнавыя экіпажы Ігара Саковіча і Валерыя Хоміча выканалі пастаўленую перад імі задачу. І цяпер заслужана прымаюць падзякі за лідарства, адрасаваныя ім старшынёй раённага выканаўчага камітэта.
Ігар Саковіч – адзін з лепшых механізатараў «Алай зары». І таму неаднаразовы герой нашых публікацый. Мы расказвалі пра Ігара як пра маладога, але ўжо дастаткова вопытнага прафесіянала. А нядаўна, разам з ідэолагам Ірынай Шупенька, павіншавалі хлопца са знамянальнай падзеяй у жыцці – заключэннем шлюбу. Жонка Ігара – мясцовы аграном. Дык няхай шчасціць маладажонам на багатай традыцыямі і памяццю ерхаўскай зямлі. А духмяны жытні каравай на абедзенным стале заўсёды нагадвае аб гэтым жнівеньскім часе, які благаслаўляе хлебам на дабрабыт і сямейнае шчасце.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара







