Для раённага Дома рамёстваў ліпень сапраўды надарыўся гарачым. Акрамя ўдзелу ў раённых мерапрыемствах, яго прадстаўнікі годна выступілі на трох абласных святах-конкурсах.
9 ліпеня ўдзельнікаў І-га абласнога свята-конкурса майстроў па ткацтве і пляценні паясоў гасцінна прымала Узда. Дарэчы, з дваццаці двух раёнаў Мінскай вобласці на свяце былі прадстаўнікі чатырнаццаці. І гэта нямала, калі ўлічваць іх геаграфію. Майстры з Лагойскага, Клецкага, Барысаўскага, Бярэзінскага, Любанскага, Старадарожскага, Слуцкага і іншых раёнаў дэманстравалі розныя тэхнікі пляцення паясоў – «на ніту», на дошчачках, на бердзечку, ручное пляценне, пляценне на калаўроце, на верацяне. Вілейшчыне, якую прадстаўляла сям’я Дубягаў, таксама было што паказаць. І журы, у склад якога ўвайшлі людзі надзвычай кампетэнтныя, ацаніла іх майстэрства. Гран-пры за лепшы віты пояс і Дыплом другога месца за лепшае каларыстычнае вырашэнне пояса атрымала Аксана Дубяга, якая выканала конкурсную работу ў тэхніцы пляцення на дошчачках. А два Дыпломы трэцяга месца за лепшы плецены пояс атрымалі Сяргей і Мацвей Дубягі. Сяргей Анатольевіч, як і жонка, выканаў работу ў тэхніцы пляцення на дошчачках, а іх сын Мацвей працаваў у тэхніцы пляцення паясоў «на ніту».
На І-м абласным Свяце рыбы, што адбылося 23 ліпеня ў Мядзелі, Вілейшчыну прадстаўлялі узорная студыя саломапляцення «Крывасельская вясёлка», якой кіруе Ірына Станкевіч, і гурт народнай песні «Крыніца» Нарачанскага сельскага дома культуры. Гэта мерапрыемства прайшло у рамках Праграмы развіцця Нарачанскага краю, а яго арганізатары накіраваны на працяг яшчэ адной добрай традыцыі ў культурным жыцці нашай краіны.
Свята народных майстроў «Гліняны звон» упершыню адбылося ў Любані ў 1996-м годзе. Івянец нездарма прымаў гэта свята двойчы – у 1998-м і 2006-м гадах – Івянецкая школа керамікі мае глыбокія карані ў гісторыі. Не стала выпадковасцю, што і ў гэтым годзе, 30 ліпеня, на VI-е рэгіянальнае свята- конкурс ганчарства гасцей зноў паклікаў «Гліняны звон». Старшынёй журы быў Яўген Сахута – старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства. Наталля Сідзерчык, якая ўзначальвала дэлегацыю Вілейскага раёна, стала лаўрэатам конкурсу, была адзначана як лепшы настаўнік і ўзнагароджана за асабісты ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення, арганізацыю пераемнасці мастацкіх традыцый апрацоўкі гліны і атрымала Дыплом за лепшы музычны інструмент – акарыну. Насця Кавалеўская, Вячаслаў і Арцём Усовічы з рэгіянальнага свята-конкурсу прывезлі дыпломы ўдзельнікаў.
Нашым землякам ёсць чым ганарыцца. А жыхары Вілейшчыны могуць ганарыцца тым, што традыцыі продкаў, на якіх грунтуецца дзень сённяшні, жывыя і ў надзейных таленавітых руках.
Таццяна ШАРШНЁВА
Фота прадстаўлена Сяргеем Дубягам
і аўтара





