Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Бацька» клапоціцца. А «дзеці»?

На днях сустрэла знаёмую. Жанчына няпростага лёсу, практычна адна падымала дваіх дзяцей, цяпер вось дапамагае ўпраўляцца з унукамі. Хацелася б, прызнаецца, іншы раз перакінуць дзецям лішнюю сотню, ды зарплата невысокая, асабліва не разгонішся. Цяпер жа працавітую жанчыну выручае лес…
– Кожную раніцу бягу з бідончыкам і да абеду збяру літры тры-чатыры чарніц, – расказала жанчына. – У каго ёсць машыны, дык тым лацвей, можна далей куды з’ездзіць, а я ўжо тут, побач з горадам. Па ягадцы збіраю, без ніякіх там камбайнаў, па старынцы, але ж і тыя сорак-пяцьдзясят «ягадных» рублёў, заробленых штодня, для нас вялікая падтрымка. Вось і дачка з унучыкам ляжала ў бальніцы, трэба было адвядаць, хацелася і штосьці смачненькае ім занесці, дык толькі лес і выручаў. Некаторыя дзівяцца: дзе ягады збіраеш, іх ужо, здаецца, вызбіралі да адной. А я хоць нахаджуся, а назбіраю.
Другая знаёмая, мама хлопца-студэнта, таксама вельмі ўдзячна лесу і яго дарункам. Сын, расказвае, сабраўся жаніцца, а на гэта патрэбны і пэўныя сродкі.
– Мы з мамай-пенсіянеркай ведаем многа грыбных мясцін, – расказала жанчына. – Праходзілі дажджы, было цёпла, дык у лесе так пусціліся лісічкі! Як пойдзем – так і кош. Збіралі, здавалі, а на выручаныя грошы набылі сыну і яго нявесце заручальныя пярсцёнкі. Так што улетку толькі гультай скардзіцца на безграшоўе, а працавітыя і вунь колькі зарабляюць на ягадах і грыбах! Канешне ж, нялёгкая гэта праца, але нічога на свеце дарма не дастаецца.
За «лясныя» грошы людзі купляюць рэчы, пра якія даўно марылі, на гэтыя ж сродкі многія набываюць абновы, збіраюць дзяцей да новага навучальнага года. І ці мала якіх патрэб у людзей, калі выручаюць «ягадныя» і «грыбныя» грошы! Як клапатлівы бацька, лес заўсёды дапаможа. Каб толькі такімі ж клапатлівымі і дальнабачнымі былі мы, яго дзеці…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries