Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Што малюе пэндзаль Святланы Крупенчык?

«Роздум ля карцін» – гэта выстава наведвальніцы ўзорнай выяўленчай студыі «Вясёлка», што на днях адкрылася ў гімназіі №1 «Логас».

Перад адкрыццём выставы ў педагога Алены Мацюшонак знайшоўся вольны час, каб завочна пазнаёміць мяне (а цяпер і вас) з асобай юнай мастачкі. Святлана займаецца ў студыі «Вясёлка» з пачатковых класаў. Гэта вельмі мэтанакіраваная дзяўчына, якая цікавіцца гісторыяй, спявае ў хоры пры касцёле, і, канечне, ёй падабаецца маляваць. Святлана сама любіць ствараць кампазіцыю, увесь час у яе з’яўляюцца новыя ідэі. Пэндзлем вучаніца Алены Іванаўны і Эдуарда Уладзіміравіча Мацюшонкаў валодае ўпэўнена – падчас падрыхтоўкі да розных конкурсаў старанна працуе над кожнай работай і здае іх у тэрмін.

І вось са сваёй творчасцю знаёміць прысутных сама Святлана, падтрымаць якую ў такі адказны момант прыйшлі яе тата і старэйшы брат, дарэчы, будучы архітэктар. Звыклыя рэчы дзяўчына бачыць незвычайна, больш выразна. Таму і чорны колер на яе карцінах ніякі не змрочны. Напрыклад, на цёмную ад нядаўняга даж­джу дарожку ў восеньскім парку пэндзаль мастачкі палажыў лісток – і менавіта гэта яркая каляровая пляма становіцца акцэнтнай. Або вось прыадчыненыя чорныя дзверы – а за імі… рознакаляровыя промні. Гэты сюжэт Святлана тлумачыць так:

– Наша жыццё – як дарога, ідучы па ёй, мы кожны раз адчыняем новыя дзверы. Іх шмат, яны нібыта «матрошкі». Дзверы адчыняюцца – і мы крочым далей. Наш свет не дзеліцца на «чорнае» і «белае», па эмоцыях ён рознакаляровы. Мы самі вырашаем, якія фарбы будуць за тымі або іншымі дзвярыма – не трэба баяцца іх адчыняць.

Хто чалавек у Сусвеце, для чаго ён створаны? На гэтыя пытанні шукае адказы юная мастачка, шмат думаючы пра тое, што будзе далей і кім яна з’яўляецца – роздум, характэрны для сталеючай асобы. Важнае месца ў яе жыцці зай­мае духоўнае – тое, пра што павінен памятаць кожны чалавек.

– Вера з’яўляецца неад’емнай часткай мяне, – прызнаецца аўдыторыі Святлана. А мы ўжо і так усё зразумелі – нездарма сярод карцін ёсць адна на велікодную тэматыку, урачыстая, як і само свята. Зразумела і тое, што Святлана Крупенчык – чалавек, які не дзеліць пару года на «любімую» альбо «нелюбімую». І музыка ў жыцці Святланы займае не апошняе месца: птушкі, якія прыселі на галінкі дрэва ў адметным парадку – гэта не проста адлюстраваны момант з жыцця, а нотны стан…

«Чытаць» карціны Свят­ланы вельмі цікава. Разумееш, што перададзеныя мовай фарбаў і пэндзля пачуцці і эмоцыі табе знаёмыя і ўжо былі некалі ў жыцці. А самой мастачцы дзякуй за шчырую споведзь – менавіта так абазначыў тую гутарку, якую на мове творчасці вядзе з гледачамі аўтар карцін, Эдуард Мацюшонак, калі прэзентаваў новую выставу.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 41 queries