Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У аграгарадку Вязынь прайшло свята вёскі

Родная вёска… Якая яна? Самая прыгожая, самая гасцінная, самая ветлая і самая светлая. Менавіта тут самае высокае неба і самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і самыя зялёныя сенажаці… Родная вёска – гэта твой дом, твае карані, матуліна песня. Гэта шчырыя, спагадлівыя людзі.
16 ліпеня ў аграгарадку Вязынь прайшло традыцыйнае свята вёскі. Таму невыпадкова, што сабралася багата гасцей, вяскоўцаў, моладзі і дзяцей.
Надвор’е з раніцы было далёка не святочнае, а за гадзіны дзве да адкрыцця свята і наогул пайшоў добры дождж. Але амаль за паўгадзіны да пачатку сонейка завітала да нас на падворак, і свята было ўжо навокал.
Для ўрачыстага адкрыцця і Божага благаслаўлення на свята быў запрошаны айцец Міхаіл.
Адной з прыемных хвілін было ўручэнне дыпломаў пераможцам конкурсу “Лепшае падвор’е” па рашэнні Вязынскага сельскага выканаўчага камітэта. Спадзяёмся, што ў наступным годзе пераможцаў будзе больш, а аграгарадок – прыгажэйшы.
Як і заўсёды, арганізацыяй свята займаліся супрацоўнікі Вязынскага цэнтра культуры і вольнага часу. Люблю сваіх таленавітых калег, заўсёды дружных, шчаслівых і працавітых, без удзелу якіх не атрымоўвалася б ні адно мерапрыемства. Шчыры ім дзякуй!
Для гледачоў была арганізавана святочная праграма: тэатралізаванае прадстаўленне “На кірмашы” з удзелам артыстаў аматарскага аб’яднання “Святліца” – кіраўнік Алена Іванаўна Бабарыка, гульнёвая праграма, выстава работ студыі выяўленчага мастацтва “Завязь” – кіраўнік Сяргей Канстанцінавіч Храпін, канцэртная праграма з удзелам артыстаў з г.Вілейка і ўзорнага ансамбля народных інструментаў – кіраўнік Інга Дзмітраўна Гутар. Вялікі дзякуй Ізбіноўскаму дому рамёстваў за шыкоўную выставу. Працавалі гандлёвыя рады. А напрыканцы свята ў небе над падворкам цэнтра культуры і вольнага часу выстраліў салют (за гэта дзякуй нашым спонсарам)!
Спадзяюся, што свята вяскоўцам спадабалася.
Наталля ЧАРТОК,
дырэктар Вязынскага ЦК і ВЧ

У аграгарадку Вязынь прайшло свята вёскі
У аграгарадку Вязынь прайшло свята вёскі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries