Напярэдадні навагодніх і калядных святаў свой прыгожы юбілей адзначае Вілейскі Цэнтр эстэтычнага выхавання. Менавіта гэта ўстанова на працягу ужо 30 год далучае віляйчан да духоўнай культуры і традыцый беларусаў.
Вілейскі Цэнтр эстэтычнага выхавання быў створаны ў 1990 годзе у якасці эксперыментальнай пляцоўкі для эстэтычнага выхавання дзяцей, падлеткаў, моладзі і дарослых у актыўным супрацоўніцтве з установамі культуры, адукацыі і грамадскімі арганізацыямі. На працягу ўжо трох дзясяткаў гадоў асноўнай задачай установы з’яўляецца адраджэнне і папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры, духоўных і гісторыка-культурных традыцый Вілейшчыны праз разнастайныя віды творчасці. Нягледзячы на розныя юрыдычныя трансфармацыі, на сёння Вілейскі Цэнтр эстэтытчнага выхавання з’яўляецца адзінай установай Мінскай вобласці, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці сасваёй назвай і мае сваю адметную ідэнтычнасць, папулярызуючы пры гэтым разнастайныя формы эстэтычнага навучання. Менавіта пра гэта, а таксама гады станаўлення і назапашаны ўнікальны вопыт культурна-духоўнай дзейнасці мы гутарым з заснавальніцай і нязменным кіраўніком Цэнтра, вядомым культурным дзеячам Вілейшчыны Таццянай Мікалаеўнай Захарыч.
– 30 год дзейнасці Цэнтра – гэта значны перыяд часу. Вельмі шмат зроблена і вельмі шмат чым даражыш. Сотні значных мерапрыемстваў, выстаў і фестываляў, тысячы дзяцей, што прайшлі праз Цэнтр і прысвяцілі сваё жыццё справе культуры, працуючы па профілю, у тым ліку і на Вілейшчыне.
Гэта сотні адметных сустрэч з выбітнымі землякамі, знакамітымі мастакамі, пісьменнікамі, кампазітарамі Беларусі. Усё гэта рабілася і робіцца калектывам дзеля таго, каб паказаць нашай моладзі і кожнаму віляйчаніну багацце нацыянальнай і духоўнай культуры, – пераканана Таццяна Захарыч.
Сёння на базе Цэнтра эстэтычнага выхавання арганізавана работа 11 клубных фарміраванняў, якія наведвае каля двухсот дзяцей. На базе Цэнтра працуюць 3 калектывы са званнем “народны”. Гэта Народная студыя “Чароўны квадрат”, што працуе з 1990 года, Народная студыя мяккай цацкі “Пушысцікі”, створаная ў 1992 годзе, і Народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”, створаны ў 1999 годзе. Асноўнымі накірункамі дзейнасці кожнай студыі і фарміраванняў з’яўляецца раскрыцё творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў, адраджэнне рэгіянальных традыцый, як у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, так і ў выяўленчым, фальклорным, тэатральным.
Кіраўнікі студый разам з іх ўдзельнікамі адраджаюць каляндарна-абрадавыя гульні і святы, што бытавалі на Вілейшчыне, народныя рамёствы, розныя віды мастацтваў, у тым ліку і з прымяненнем сучасных форм мастацкай творчасці. Разнапланавасць дзейнасці Цэнтра аб’ядноўвае прыярытэт выхавання дзяцей і падлеткаў на агульначалавечых каштоўнасцях, духоўна-маральным выхаванні, што вельмі патрэбна ў наш час пры фарміраванні асобы дзяцей.
– Сапраўды, зараз час інавацыйных тэхналогій, камп’ютарызацыі і ад гэтага нікуды не дзецца. Менавіта таму наша першапачатковая задача як Цэнтра эстэтычнага выхавання – далучыць больш дзяцей да творчасці, мастацтва, да чытання і творчага ўспрыняцця свету. Нездарма ва ўсім свеце адзначаецца, што дзеці і моладзь, якія займаюцца творчасцю, адрозніваюцца ад іншых сваіх аднагодкаў. Праз далучэнне да мастацтва мы і фарміруем культуру і светапогляд дзяцей. Вельмі важна, каб кожны школьнік ці падлетак пасля напружанага навучальнага дня змог змяніць абстаноўку, акунуцца ў атмасферу творчасці, якая надае больш пазітыву і станоўчых эмоцый. Так, асноўнай мэтай народнай студыі мяккай цацкі “Пушысцікі”, студый “Рукадзельніца”, “Куфэрак”, “Майстрыца” з’яўляецца раскрыццё творчага патэнцыялу дзяцей і падлеткаў, адраджэнне рэгіянальных традыцый у разнастайных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Работа народнай студыі арыгамі “Чароўны квадрат” накіравана на развіццё агульных здольнасцяў дзяцей і падлеткаў , папулярызацыю мастацтва выцінанкі і арыгамі. Студыя выяўленчага мастацтва “Чарадзейка”, студыя роспісу “Маляваначка” працуюць ў накірунку развіцця мастацкага густу праз рэгіянальныя традыцыі ў беларускім народным роспісе, выяўленчым мастацтве. У накірунку папулярызацыі тэатральнага мастацтва працуюць моладзева-тэатральная студыя “Таленцікі” і дзіцячы тэатр “Балаганчык”. У накірунку вакальна-тэатральнага мастацтва і духоўна-асветніцкага напрамку працуюць студыі “Дамісолька і “Сола”. У накірунку літаратурнай аўтарскай песні працуе Народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”, стваральнікам і мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Таццяна Захарыч. У калектыву назапашаны вельмі багаты радыё- і аўдыяархіў, відэа канцэртаў і творчых сустрэч. Вынік шматграннай творчай працы – 7 дыскаў.
За гады існавання Цэнтра праведзены шматлікія духоўна-асветніцкія праграмы, дабрачынныя мерапрыемствы, выставы, канцэрты, гульнёвыя прадстаўленні аматарскіх аб’яднанняў Цэнтра былі паказаны на буйнейшых пляцоўках рэспубліканскіх, абласных і раённых фестываляў і мерапрыемстваў, у розных кутках Беларусі. Мастацкія калектывы Цэнтра і іх удзельнікі з’яўляюцца лаўрэатамі, дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў і тэлепраектаў, радыёперадач, дабрачынных акцый для дзяцей-сірот, дзяцей з абмяжаванымі магчымасцямі, людзей сталага ўзросту. Хочацца ўзгадаць, што ў 2004 годзе Цэнтр атрымаў грант Мінаблвыканкама для рэалізацыі праекта “Шлях да прыгажосці”. Па выніках работы за 2018 год Цэнтр эстэтычнага выхавання быў прызнаны лепшай установай культуры Вілейшчыны. Цэнтр цесна супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, Беларускай Праваслаўнай царквой, вілейскімі ўстановамі культуры і адукацыі, асабліва школай-інтэрнат, а таксама беларусамі замежжа, культурна-гістарычным фондам «Крокі», Беларускім радыё, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці і многімі іншымі ўстановамі. Калектыў Цэнтра прымае ўдзел і арганізуе творчыя сустрэчы, майстар-класы і мерапрыемствы па абмене вопытам з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна.
Уся праца Цэнтра накіравана на работу з дзецьмі і моладдзю ў накірунку эстэтычнага і духоўнага выхавання. Час паказвае, што сёння з дзецьмі, а асабліва з моладдзю, трэба як мага больш размаўляць, разважаць на розныя тэмы. Нездарма праект Цэнтра з Вілейскім каледжам і Вілейскім Благачыніем “Посмотреть на мир с любовью”, што збірае два разы на месяц моладзь, каб раскрываць самыя разнастайныя тэмы праз розныя віды мастацтва і праз нацыянальныя духоўныя каштоўнасці, мае вялікі патэнцыял.
– Мы вядзем з дзецьмі шчырую размову, прычым адзін раз тэму стараемся паказаць праз свет эстэтычнага мастацтва тут, у Цэнтры, праз размову са спецыялістамі каледжа, а падчас другой сустрэчы – у Доме духоўнай асветы – у размове са святарамі праз духоўныя каштоўнасці. І, ведаеце, атрымоўваецца пагутарыць з моладдзю, а часам не з самай простай, у атмасферы цяпла і дабрыні на роўных. За гады існавання Цэнтра разам з усімі зацікаўленымі, а таксама з віляйчанамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі горада мы рэалізавалі шмат знакавых для Вілейшчыны праектаў духоўнага накірунку. Сярод іх такія, як “Свет Раства Хрыстова”, “Дні праваслаўнай кнігі”, “Незабыўныя імёны Вілейшчыны”, “Славутыя землякі”, “Любая Вілейшчына мая”, фестывалі “Светлае Слова”, “Званы Памяці”, што ладзяцца ў рамках праектаў клуба духоўнай культуры “Крыніцы чысціні”. І ў гэтым накірунку мы працягваем сваю работу.
– Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць шчырыя словы падзякі і ўсяму калектыву Цэнтра, усіх, хто стаяў ля вытокаў стварэння ўстановы і дапамагае на працягу 30 год. У далёкім 1990-м годзе, калі мы пачыналі гэтую высакародную працу па стварэнні зусім новага тыпу ўстановы, разам з былым старшынёй гарвыканкама Уладзімірам Глушковым, былой загадчыцай аддзела культуры Хрысцінай Шымакоўскай, былым дырэктарам музычнай школы Анатолем Шагавым, а таксама Валерыем Шчогалевым і Ірынай Есіс, мы верылі, што яго шлях будзе доўгім і плённым. Так яно і атрымалася. Колькі творчых і таленавітых людзей прайшло праз Цэнтр і якой колькасці дзяцей мы далі пуцёўку ў насычанае творчасцю жыццё! Гэта каштуе дарагога.
Сяргей ГАНЧАР