Назіраць за тым, як працуе сапраўдны майстар, адно зачараванне. Косіць ён ці будуе, шые ці малюе, чаруе ля пліты ці нешта рамантуе – істотнай розніцы няма, бо майстар у любой справе – гэта майстар, і тое, што выходзіць з яго рук – не прадукт працы, а твор, не епаўторны, індывідуальны.
На працягу дзесяці дзён праходзіла ў Маладзечна дзесятае абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». З усёй сталічнай вобласці з’ехаліся майстры, каб паказаць, на што яны здольны. А мэта конкурсу была высакародная: стварыць скульптуры, якія будуць упрыгожваць паркі і скверы прыгожага горада Слуцка, «прыжывуцца» на тэрыторыі Слуцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Колькі цудоўных работ стварылі майстры манументальнай скульптуры для гарадоў Міншчыны! Гэтыя работы – своеасаблівыя візітныя карткі творчых, вельмі таленавітых і працавітых людзей.
На Вілейшчыне такіх таксама нямала. І адны з прадстаўнікоў – сям’я Дубягаў, вядомых не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі майстроў. Вось і ў гэтым свяце дырэктар раённага Дома рамёстваў Сяргей Дубяга прымаў удзел. Калі аб’ектыўна, то ён хутчэй не проста ўдзельнічаў, а, што называецца, даваў майстар-клас тым, хто не так даўно асвоіў разьбу па дрэве. У Сяргея Анатольевіча ж за плячыма нямала гадоў упартай працы, на працягу якіх шліфавалася яго майстэрства, удзел і перамогі ў мностве разнастайных конкурсаў. Вось і па выніках гэтага свята-конкурсу Сяргей Дубяга атрымаў гран-пры – за зберажэнне і творчае развіццё традыцый разьбы па дрэву і падтрымку культурных традыцый Міншчыны. А яшчэ адзін наш зямляк. Аляксей Шут, узнагароджаны дыпломам за творчы дэбют. Радуюць поспехі таленавітых землякоў, якім наканавана лёсам адчуваць цеплыню дрэва і перадаваць яе ўсім нам.
Ірына БУДЗЬКО



