Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Дожинки-2020» в Лыцевичах: как это было

У мінулую суботу Лыцавічы прымалі раённыя “Дажынкі-2020”. Трохпудовыя караваі, падворкі з багатым ураджаем гародніны, садавіны і гарманістам на буслянцы. Як гэта было, мы ўбачылі на свае вочы.

Раённыя “Дажынкі”, што адбыліся 3 кастрычніка ў Лыцавічах, прайшлі з вялікім размахам, цудоўнымі культурнымі праграмамі і шчырай удзячнасцю хлебаробам-аграрыям. А сам аграгарадок быццам атрымаў новы подых: на працягу ўсёй трасы да Лыцавіч кожны куточак зямлі, вёскі, лясныя масівы, дарогі, гаспадарчыя пабудовы – усё перамянілася і набыло яшчэ больш добраўпарадкаваны выгляд.

Асаблівая ўвага пры падрыхтоўцы да свята на чурлёнскай зямлі была нададзена навядзенню парадку на зямлі, рамонту будынкаў сацыяльнай сферы, навядзенню парадку на жывёлагадоўчых фермах і мехдварах. Галоўную ўстанову свята, што прымала гасцей, Лыцавіцкі Дом культуры, адрамантавалі самым належным чынам: замянілі вокны, правялі рамонты даху, канцэртнай залы, нават абсталявалі спартыўнае памяшканне, куды закупілі трэнажоры для моладзі і старэйшага пакалення чурлёнцаў. Аграгарадок намаганнямі раённых службаў, сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі, усіх устаноў і арганізацый сустрэў гасцей па-гаспадарску падрыхтаваным. І гэта не кажучы пра асаблівыя хлебасольныя традыцыі іжанскай зямлі, што адзначыў кожны, хто наведаў свята.

«Дажынкі», «жыта», «жыццё» – у беларускай мове гэтыя словы маюць адзіны корань. Уся шматвекавая мудрасць нашага народа – у простай і зразумелай формуле: хлеб ёсць жыццё. Таму асобная павага і хлебаробам, што здабываюць “беларускае золата”. Хаця жніво ніколі не бывае лёгкім, але штогод хлебаробы Вілейшчыны сваёй працай даказваюць, што гатовыя забяспечыць харчовую бяспеку раёна, тым самым робячы ўнёсак у агульны каравай краіны. І тыя лічбы, якія гавораць аб тым, што ў раёне сабрана 68 тысяч тон збожжа, а гэта больш за 131% да ўзроўню мінулага года, з сярэдняй ураджайнасцю збажыны 30,7 ц/га, сведчаць аб адданасці аграрыяў сваёй працы.

Віншуючы хлебаробаў Вілейшчыны з дажынкамі, старшыня Вілейскага раённага выканаўчага камітэта выказаў словы падзякі кожнаму працаўніку аграрнай сферы і ўсім, хто меў дачыненне да святога абавязку – уборачнай кампаніі, а таксама зазначыў, што вілейскія гаспадаркі маюць усё, каб ў наступным годзе дасягнуць 100-тысячнага рубяжа па намалотах.

– Праца хлебароба была і застаецца самай важнай і самай нялёгкай. На сёння хлебаробы Мінскай вобласці годна завяршылі жніво, сабраўшы рэкордны ўраджай – больш за 2 млн. тон збожжа. Свой важкі ўнёсак у агульны каравай зрабілі і працаўнікі Вілейшчыны. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый самых высокіх паказчыкаў па ўраджайнасці дасягнулі хлебаробы Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі – 53,1 ц/га, “Нарачанскіх зораў” – 52,4, філіяла «Бубны» – 50,2. Лепшага выніку на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у пераліку на 1 бала-гектар дасягнуў філіял «Бубны», «Нарачанскія зоры» і «Юнік-агра». 83 камбайнавыя экіпажы былі задзейнічаны ў летняй гарачай пары і 26 з іх намалацілі больш за тысячу тон збожжа, а такой колькасці экіпажаў-тысячнікаў не было ўжо доўно. Яшчэ адным значным рубяжом, што пераадолелі нашыя хлебаробы, стала дасягненне сямейнага экіпажа Гарэлікаў з “Нарачанскіх зораў”, якія намалацілі больш за 2,5 тыс. тон зерня на адзін камбайн. Не засталася ўбаку ў час уборачнай і наша моладзь: удзел ва ўборцы зерневых прынялі 10 моладзевых камбайнавых экіпажаў. Шчырыя словы падзякі ўсім вам, працаўнікі вілейскай нівы, – адзначыў Алег Бегунец. Старшыня райвыканкама таксама выказаў словы ўдзячнасці за дапамогу і падтрымку, аказаную ў перыяд пасяўной і ўборачнай кампаніі ўсім прадпрыемствам і арганізацыям раёна.

Арганізатары мерапрыемства ў Лыцавічах падрыхтавалі для гасцей “Дажынак” мноства святочных пляцовак, гандлёвых радоў і забаўляльных месцаў. З радасцю сустракалі гасцей і на падворках сельскагаспадарчых арганізацый, дзе шчодра ўсіх частавалі на дэгустацыях і адорвалі песнямі і добрым настроем. Кожны падворак меў свой непаўторны каларыт і разынку: хтосьці сустракаў багатым ураджаем садавіны і гародніны, выставай і дэгустацыяй прысмакаў увішных гаспадынь, хтосьці неверагоднымі інсталяцыямі з дароў восені, выставамі народнага жывапісу, саламяных дзівос, народным мясцовым каларытам, а хтосьці – гарманістам у буслянцы, як у вядомай кінастужцы “Белыя Росы”, ці ўласнымі дыназаўрамі. Дабавілі каларыту “ветэранскі падворак” з цэсаркамі, індыкамі і неверагодным печывам, а таксама падворак Вілейскага хлебазавода і вытворчага вілейскага ўчастка “Маладзечненскага малочнага камбіната”, упраўлення па адукацыі, дзе кожны мог знайсці фотазону на свой густ, а таксама паспрабаваць сапраўдную гарбату на зёлках. Падворак лясгаса, тэрытарыяльнага цэнтра, спартыўныя пляцоўкі, судамадэліраванне і шмат іншага было прадстаўлена гасцям свята, у тым ліку рады з таварамі гаспадароў з мяснымі і салодкімі прысмакамі. Асаблівым каларытам, як заўжды, вызначыўся падворак гаспадароў мерапрыемства з іх непаўторным журавінавым каларытам – ААТ “Чурлёны”.

Са святочнай сцэны былі адзначаны, акрамя хлебаробаў, і гаспадаркі-пераможцы конкурсаў на лепшую саламяную скульптуры:

“Чурлёны” – за 1-е месца, “Бубны” – за 2-е месца і “Даўгінава” – за 3-е месца, а за лепшы каравай – наступныя гаспадаркі: “Райаграсэрвіс” – за 1-е месца, “Нарачанскія зоры” – за 2-е і “Усходні агра” – за 3-е месца. Сярод лепшых сельскагаспадарчых падворкаў былі адзначаны: “Чурлёны” – за 1-е месца, “Першы Беларускі” – за 2-е месца і “Нарачанскія зоры” – за 3-е месца, а таксама прызам глядацкіх сімпатый быў адзначаны падворак гаспадаркі “Сцешыцы”.

Дыпломамі і падарункамі адзначыла ў гэтых намінацыях і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Супрановіч: у намінацыі лепшы падворак – гаспадарку “Вілейскі райаграсэрвіс”, а за лепшы каравай – гаспадарку “Новая Вілія”. Свае падарункі ўручылі сельскагаспадарчым арганізацыям раёна і госці свята – прадстаўнікі “Малочнай праўды” і “Маладзечанскага малочнага камбіната”.

Узнагароджанне работнікаў сельскай гаспадаркі было заключнай часткай афіцыйнай праграмы раённых “Дажынак”. Граматы і падзякі хлебаробы Вілейшчыны атрымалі ад Мінскага аблвыканкама, Вілейскага райвыканкама, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, аграпрамысловага саюза.
Дзякуй вам, працаўнікі вёскі. Бо за ўсімі рэкордамі і поспехамі стаяць людзі, іх праца і старанне. А яшчэ – адказнасць за харчовую бяспеку краіны. І калі на нашым стале кожны дзень ёсць бохан духмянага хлеба, мясныя і малочныя прадукты, садавіна і гародніна, то гэта дзякуючы ім, сельскім працаўнікам, што вырошчваюць і перапрацоўваюць прадукцыю, недасыпаюць начэй, спяшаюцца на ферму або ў поле тады, калі многія адпачываюць.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара


Фото Сергей ГОНЧАРА

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 148 queries