Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Перарваны палёт

Усе далей і далей адыходзяць у гісторыю вогненныя дні 1941 года, калі на досвітку 22 чэрвеня фашысцкая Германія вераломна, парушыўшы дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Няўмольна бяжыць час, але памяці ён не падуладны. І памяць гэта кожны раз ажывае ў сэрцы, калі дакранаешся да архіўнага дакумента, углядаешся ў фотаздымкі ваеннай пары, учытваешся ў такія далёкія па часе і такія блізкія па духу газетныя радкі.
21 чэрвеня 1941 года, субота – адбыўся выпускны вечар-баль вучняў 10 класа Вілейскай рускай сярэдняй школы, якая месцілася ў будынку былой польскай гімназіі (цяпер тут раённы цэнтр пазашкольнай работы). Хутка і весела прамільгнулі вечар і кароткая ноч 22 чэрвеня. Набліжаўся світанак. Маладыя прыйшлі сустрэць нараджэнне новага дня на мост праз Вілію. Было чатыры гадзіны раніцы. А дзесьці далёка,на заходніх прыгранічных рубяжах,ішлі ўжо цяжкія кровапралітныя баі, але тут яшчэ ніхто пра гэта не ведаў. Юнакі і дзяўчаты разышліся, дамовіўшыся днём сустрэцца яшэ раз на беразе Віліі.
І раптам а 12 гадзіне чорны рэпрадуктар аб”явіў, што зараз выступіць народны камісар замежных спраў В.М.Молатаў. Вайна!.. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая па сваіх маштабах і жорсткасці не мела роўных у гісторыі Беларусі.
Усімі сіламі войскі Чырвонай Арміі спрабавалі стрымаць наступленне агрэсара. На захад ад Мінска апынуліся ў акружэнні некалькі савецкіх дывізій. Частка салдат і афіцэраў, якія засталіся ў жывых, трапілі ў палон. Да канца чэрвеня 1941 года стала відавочна, што Чырвоная Армія ў прыгранічных бітвах не ў стане стрымліваць, а тым больш разграміць атакуючыя групоўкі праціўніка.
23 чэрвеня з Магілёва ў Маладзечна прыбыў чыгуначны эшалон 13-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант П.М. Філатаў), кіраўніцтва і штабныя падраздяленні. Штаб арміі арганізаваў свой першы камандны пункт у лесе на паўночны захад ад Маладзечна. З гэтага моманту і пачалася баявая дзейнасць арміі. Узброішыўся за кошт райваенкамата, афіцэры штаба адправіліся для арганізацыі абароны на рубяжы 10-12 км у бок Вілейкі. У складанай абстаноўцы штаб армііі апынуўся на адкрытым правым крыле фронту.
Раніцай 24 чэрвеня на камандны пункт 13-й армііі прыбыў камандзір 5-й танкавай дывізіі палкоўнік Ф.Ф.Фёдараў. Ён далажыў, што яго дывізія вяла баі ў Прыбалтыцы, панесшы цяжкія страты, трапіла ў акружэнне і прыбілася ў раён Маладзечна-Вілейка. Камандарм загадаў дывізіі працягваць баі ў складзе 13-й арміі. Хутка да арміі далучыліся байцы і камандзіры іншых падраздяленняў, воіны 84-га палка войск НКУС і курсанты Вільнюскага пяхотнага вучылішча Прыбалтыйскай ваеннай акругі, якія занялі абарончыя рубяжы на поўнач ад Маладзечна. Пад вечар з усходу да берагоў Віліі падышла 50-я стралковая дывізія генерал-маёра В.П.Еўдакімава і з ходу ўступіла ў бой супраць мотапяхоты праціўніка.
Ішоў трэці дзень вайны. Жыхары Вілейшчыны з хваляваннем сачылі за тым, што адбываецца наўкол. І раптам, паблізу вёскі Снежкава, у паўдзённым спякотным небе пачуўся трывожны гул матораў. У паветраным баі схапіліся два самалёты: фашысцкі знішчальнік і савецкі бамбардзіроўшчык. Неўзабаве самалёт з чырвонымі зоркамі на крылах пачаў рэзка зніжацца, з яго вырываліся клубы дыма і языкі полымя. Чапляючыся за кроны прыдарожных дрэў, як птушка з перабітымі крыламі, самалёт зваліўся на зямлю. Дарослыя і дзеці стрымгалоў кінуліся да месца выбуху. Тое, што яны ўбачылі, назаўсёды засталося ў іх памяці. 22 чэрвеня 2006 года, да 65-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на гэтым месцы, дзе загінуў экіпаж самалёта СУ-2, камандзір – старшы лейтэнант Панін В.І., усталяваны помнік.
Нягледзячы на гераічнае супраціўленне воінаў Чырвонай арміі, 25 чэрвеня 1941 года, праз тры дні пасля пачатку вайны, уся тэрыторыя Вілейшчыны была занята фашыстамі. Доўгія, цяжкія тры гады будзе працягвацца яе акупацыя.
У 1970-х гадах пры інвентарызацыі нямецкіх ваенных дакументаў у Нацыянальным архіве ЗША быў выяўлены генеральны план “Ост”. На 84 старонках выкладзены працэс паэтапнай каланізацыі і германізацыі, масавага вынішчэння народаў усіх дзяржаў, якія падлягалі захопу, план ліквідацыі Польшчы і Савецкага Саюза. План “Барбароса” ажыццяўляўся фашыстамі з надзвычайнай жорсткасцю…
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы
супрацоўнік музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries