У Ільянскай школе адкрылася новая экспазіцыя «Габрэйскае жыццё ў Ільі» на базе школьнага праектна-даследчага цэнтра.
У рамках рэалізуемага праекта ільянскай школай былі абагульнены гістарычныя звесткі і фота з сямейнага архіва Орны Шуман, чый бацька Шрагам Дэгані (Файвель Саламянскі) нарадзіўся ў Ільі ў 1910 годзе, а ў гады вайны з’яўляўся партызанам. Таксама аснову новай экспазіцыі склалі матэрыялы школьнага народнага музея «Ільянскія далягляды» пра жыццё габрэйскай абшчыны ў Ільі, якая да вайны налічвала каля 1500 габрэяў. Уся інформацыя абагульнена і адлюстравана на інфармацыйных панэлях.
– Вучні школы Ліза Артамонава, Дзмітрый Сэсораў, Яўгенія Грабянёк з’яўляюцца экскурсаводамі новай экспазіцыі і гатовыя праводзіць экскурсіі на рускай і англійскай мовах, – распавяла нам кіраўнік праекта Алеся Сэсорава, настаўнік англійскай мовы Ільянская школы. – Экспазіцыя поўнасцю падрыхтавана, але яе ўрачыстае адкрыццё перанесена на 2021 год у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй і немагчымасцю прыезду гасцей з-за мяжы. Аднак новая экспазіцыя даступная шырокаму колу гледачоў, бо для азнаямлення з ёй ільянцы стварылі папярэднюю відэапрэзентацыю новай экспазіцыі на ютубе-канале.
Па словах Алесі Сэсоравай, вялікую дапамогу ў стварэнні новай экспазіцыі аказала Орна Шуман, у тым ліку, не толькі гістарычнымі матэрыяламі, але і ў набыцці мэблі для экспазіцыі, вялікага сучаснага тэлевізара, вырабе і друку буклетаў і брашур, інфармацыйных стэндавых панэляў, а таксама яна перадала каштоўныя экспанаты. «Нам дапамагалі многія, бо гэта наша агульная гісторыя. Хочацца адзначыць ўсіх, хто далучыўся да стварэння экспазіцыі, у тым ліку і Аліну і Анатоля Грышкевічаў, якія набылі ламінатнае пакрыццё для праектна-даследчага цэнтра, работнікаў школы, што правялі рамонтныя работы ў памяшканні цэнтра. Падзякаваць праграмісту школы Тамары Радавановіч, што ажццяўляе тэхнічнае суправаджэнне праекта. Доктару Абрахаму Гулі, былому віцэ-прэзідэнту «Бней Брыт Інтэрнэшнл», што з’яўляецца ідэйным натхняльнікам праекта для Орны Шуман. А таксама Юліі Мікалуцкай, дырэктару музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі, і Вікторыі Брумінай, генеральнаму дырэктару Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, якія аказалі неацэнную дапамогу. Дзякуючы сям’і Дайманд з ЗША ў Нью-Ёрку была спецыяльна надрукавана і перададзена для экспазіцыі копія кнігі пра гісторыю Ільі «Памяць» (Ізкор) 1962 года выдання», – адзначыла Алеся Сысорова.
Калі казаць пра экспазіцыю, то значная яе частка прысвечана партызану Файвелю Саламянскаму, які падчас Халакосту ў Ільі змог выжыць, хаця ўся яго сям’я была забіта нацыстамі. Пазней ён далучыўся да партызанскага атраду «Мсціўца», у якім ваяваў з нацыстамі да заканчэння вайны. У пасляваенны час ён пераехаў жыць у Ізраіль, дзе быў салдатам у вайне за Незалежнасць краіны. Дзякуючы яму ў Ільі быў ўсталяваны мемарыяльны помнік ахвярам Халакоста. У 2019 годзе Файвель быў пасмяротна ўзнагароджаны званнем «Габрэйскі выратавальнік» у Ізраілі за ўдзел з партызанскім атрадам у вызваленні габрэяў у Мядзелі.
– Экспазіцыя была створана ў памяць пра майго бацьку Шрагам Дэгані (Файвеля Саламянскага), які нарадзіўся ў Іллі ў 1910 годзе, ваяваў з нацыстамі і змагаўся за стварэнне дзяржавы Ізраіль, — заўсёды адзначае арганізатар праекта Орна Шуман.
У Ільі ўжо ў 17 стагоддзі было тры сінагогі: вялікая сінагога, дадатковая сінагога, якая выкарыстоўвалася на час святаў і трэцяя сінагога – «Шцібл» – выкарыстоўвалася паслядоўнікамі руху Хабад. Дзясяткі выдатных дзеячаў габрэйскай культуры звязаныя з Ілью. Інфармацыя пра кожнага з іх змяшчаецца ў новай экспазіцыі.
Гісторыя Вілейшчыны ўзбагацілася яшчэ адной цікавай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі краю.
Сяргей ГАНЧАР