Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пчаляр амаль з дзесяцігадовым стажам трымае чатыры дзясяткі пчоласямей

Амаль дзесяць гадоў запар жыхар вёскі Гедзевічы Генадзь Матук прывозіць насельнікам Куранецкага дома-інтэрната мёд са сваёй пасекі, і гэта стала ўжо добрай традыцыяй.

Спытай у Генадзя Анто­навіча, чаму ў яго ў свой час узнікла такое жаданне, адназначна ён і не адкажа. Проста, прызнаецца, заўсёды было і застаецца ў яго жаданне дапамагаць людзям, і ён гэта робіць. А яшчэ некалі, ужо многа гадоў таму, выпала Генадзю Антонавічу сустрэцца з жанчынай-прадказальніцай, якая ўсё-ўсё расказала пра яго жыццё, а яшчэ дадала літаральна наступнае: «Бачу, што ў вас многа сяброў, вы патрэбны людзям…» І гэтыя словы пацвярджаюцца ўсім жыццём Генадзя Матука.

Так склалася, што ўвесь час – з дзяцінства і па сёння – ён правёў у роднай вёсачцы Гедзевічы Людвіноўскага сельсавета.

– У свой час быў, як кажуць, першым хлопцам на вёсцы, бо працаваў кінамеханікам, – прыгадаў сваю маладосць Генадзь Антонавіч. – Пасля заканчэння адпаведных курсаў пачаў працаваць у далёкім ужо 1959-ым… Абслугоўваў на той час Крывіцкі, Мядзельскі і Вілейскі раёны. На кані па вёсках перавозілі ўсё не­аходнае абсталяванне, а я ез­дзіў на веласіпедзе. Пазней – і на матацыкле з каляскай. Напачатку фільмы паказвалі ў вясковых хатах ці ўлетку нават у якіх пунях. Гэта пазней ужо пачалі будавацца клубы, з’явіліся стацыянарныя ўстаноўкі. Памятаю, як любілі вяс­коўцы фільмы, асабліва індыйскія… І перажывалі разам з героямі, і плакалі, і смяяліся.

Сваё асабістае шчасце Генадзь знайшоў практычна ў суседняй вёсцы Добравічы. Галіна, яго абранніца, стала добрай спадарожніцай жыц­ця – клапатлівай і любячай жонкай, маці, бабуляй і добрай гаспадыняй. Пасля вяселля маладыя пачалі жыць ў бацькоўскай хаце Генадзя, якую малады гаспадар старанна перарабляў-дабудоўваў пад свой густ. Разам з імі да сваіх апошніх дзён пражыла і яго маці, якая многа гадоў практычна не бачыла. У маладой сям’і нарадзіліся і падрасталі двое сыноў.

– Мы з Галяй заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, – прыгадвае Генадзь Антонавіч. – Быў час, калі на падворку мелі дзвюх кароў, чатырох кабаноў, каня, курэй, трох сабак, бо я захапляўся паляваннем. І з усім спраўляліся.
У маладосці, калі моцна захварэў іх сын-першынец, Генадзь вырашыў стаць пчаляром.

– А было так. Наш сынок моцна захварэў, – расказаў пенсіянер. – Цешча аднаго майго добрага знаёмага мне тады параіла лячыць дзіця доб­рым мёдам. Памятаю, пайшоў я купляць яго да аднаго чалавека, а той пачаў нешта гаварыць, што мёду у яго мала, што я з вялікай шклянкай прыйшоў…

Карацей, прадаў усё ж ён нам зелля, хоць прыйшося ўгаворваць. А я, стоячы ў той хаце, даў сабе зарок: не буду я Матуком, калі на маім падворку не будзе пчол. Пастанавіў – зрабіў. Свой першы рой знайшоў у бярозе і прывёз дамоў. І з таго часу на працягу больш чым за паўвека трымаю чатыры дзясяткі пчоласямей. Пасека паблізу дома, далёка хадзіць не трэба. Праўда, з узростам усё цяжэй і цяжэй з ёй упраўляцца… На сёння ў мяне з гаспадаркі толькі пчолы і засталіся. Ды яшчэ коцік Чэрнік, з якім весялей…

Многа расказваў Генадзь Антонавіч пра сваё жыццё. Так, ім з жонкай давялося перажыць нямала. З болем гаварыў пенсіянер пра пажар у доме, які знішчыў столькі нажытага. Можна ўявіць, колькі тады перажылі… А лёс, нібыта выпрабоўваючы яго на моц духу, паслаў і самыя цяжкія страты: моцна захварэла і пятнаццаць гадоў таму пайшла з жыцця жонка, не стала малодшага сына. Адзінока і ціха стала ў вялікай хаце, таму сапраўднымі святамі для Генадзя Антонавіча становяцца прыезды сям’і дарагіх гасцей са сталіцы. Сын з нявесткай, унукі і праўнук – самыя родныя людзі для пенсіянера, яго ўцеха і радасць. Іх ён гасцінна прымае ў сваім дагледжаным доме, у якім быў і застаецца сапраўдным гаспадаром.

– Тут прайшло жыццё, усё маё самае блізкае звязана з роднымі мясцінамі, – разважае 79-гадовы пенсіянер, – таму і зімаваць застаюся ў сваім доме. Пакуль што няма ў мяне ў планах ехаць да дзяцей, тут людзі, якім патрэбны я і якія патрэбны мне, тут – мае пчолкі. Вось так і жыву.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Куранецкім домам-інтэрнатам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 142 queries