Паралельна ў двух спаборніцтвах прынялі ўдзел вілейскія спартсмены: па футболу – у раённым турніры на прызы клуба «Скураны мяч» і настольнаму тэнісу – у першынстве Мінскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 1999 года нараджэння, якое праходзіла ў Барысаве.
Што тычыць футбольнага спаборніцтва, то сярод сельскіх школ у малодшай узроставай групе перамаглі любанскія футбалісты. Яны практычна ўвесь матч адыгралі ў абароне, але ўсё ж такі здолелі забіць адзін рашаючы гол у вароты аднагодкаў з Куранца. А ў старэйшай групе сярод сельскіх школ перамаглі чурлёнцы, якія таксама гулялі з камандай Куранецкай школы.
Сярод школ горада, як у малодшай, так і ў старэйшай узроставай групе, перамога была на баку школы №3. Другое месца, таксама ў дзвюх групах, занялі футбалісты другой гімназіі. Трэццяе месца – у гімназіі №1 «Логас» (малодшая група) і першай школы (старэйшая група).
На абласных спаборніцтвах па настольнаму тэнісу наш раён прадстаўлялі тры тэнісісты з Хаценчыцкай школы – Ала Яноўская, Даша Беразавік і Павел Кажура, а таксама – вучань Куранецкай школы Яўген Сабінскі. Па выніках спаборніцтваў дзяўчаты з Вілейскага раёна сталі чэмпіёнамі Мінскай вобласці сярод сваіх аднагодкаў. У асабістым заліку Ала Яноўская стала прызёрам вобласці, у яе трэццяе месца. А вось Яўгену Сабінскаму, на жаль, не хапіла самы мінімум удачы. У выніку – паражэнне ў пятай рашаючай партыі і чацвёртае месца.
Поспех тэнісістаў на абласной арэне можна назваць унікальным. Не маючы аддзялення настольнага тэнісу ў спартыўнай школе, яны фактычна на энтузіязме настаўнікаў фізічнай культуры Аляксандра Сцепуценкі і Івана Жаўняровіча паказалі такі высокі вынік.
Застаецца пажадаць вілейчанам поспехаў у наступных спартыўных баталіях. Менавіта на іх адкрываюцца будучыя таленавітыя спартыўныя зоркі.
Сяргей НЯХАЙЧЫК,
фота прадстаўлена аўтарам




