Свята вёскі – вельмі добрая традыцыя, якая прывівае людзям любоў да сваёй маленькай радзімы, дзе, як кажуць,зарыты пупок.
Вось такое свята адбылося ў вёсцы Бубны ў нядзелю, 12 чэрвеня, у дзень гадавога свята Сёмухі. Як і было раней, усё пачалося са службы ў каплічцы са святым айцом Іаанам, які ў канцы пропаведзі даў божае благаслаўленне на правядзенне свята.
Затым усе направіліся да Бубнаўскага сельскага клуба.
Арганізатары свята – загадчыца бібліятэкі Таццяна Уладзіміраўна Гапановіч і загадчыца клуба Наталля Мікалаеўна Матусевіч ветліва сустракалі ўсіх прысутных і гасцей.
Пабываць на свяце вёскі пажадалі генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Мінгаз» г. Мінска Стралкоўскі Яўген Сцяпанавіч, які і павіншаваў усіх з гэтай падзеяй, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і уручыў памятныя падарункі. У свяце прымаў удзел і старшыня Даўгінаўскага сельскага Савета Маліноўскі Аляксандр Мікалаевіч.
«Маё сяло – мой родны дом» – такі плакат упрыгожыў сцэну, дзе пачалі выступленне самадзейныя артысты.
Вядучыя – маладыя настаўніцы мясцовай школы – расказалі пра летапіс Бубнаў. Зараз вёска налічвае 82 двары, у якіх пражывае 220 вяскоўцаў рознага узросту. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з вайны, а таксама тых, хто не дажыў да сённяшняга дня,бо ў вёсцы ўжо не засталося ніводнага ўдзельніка тых жудасных падзей.
Прыемна цешыў слых складзены на роднай мове сцэнарый. Пранікнёна прачытаў верш «Не прадавайце дом бацькоў» Уладзімір Гапановіч. Было бачна, што ў многіх прысутных з’явіліся слёзы на вачах.
…Я заклінаю ўсіх сыноў,
Хай будуць цяжкасці любыя,
Не прадавайце дом бацькоў –
Вас не ўратуюць грошы тыя…
Парадавалі сваімі песнямі маладыя дзяўчаткі, мясцовыя і гарадскія, якія прыехалі ў вёску да сваіх дзядуль і бабуль. Павесяліла сваім выкананнем песняў з рэпертуару Надзеі Кадышавай Марыя Анатольеўна Мікульская.
Да слёз смяяліся, паглядзеўшы замалёўку «Прадам мужыка» ў выкананні Місун Наталлі Рыгораўны і Церабілавай Святланы Сямёнаўны, якія ў рэшце рэшт усе ж вырашылі, што мужык у вёсцы патрэбны.
Рэпертуар артыстаў быў прысвечаны юбілярам, якімі гэты год вельмі багаты. Толькі вяселляў з 20-гадовым стажам было ажно 5, дзвюм маладым мнагадзетным сем’ям, у якіх выхоўваецца па чацвёра дзетак. Самай старэйшай жыхарцы вёскі Бубны ў гэтым годзе спаўняецца 87 гадоў і 5-ты месяц самай маленькай Кратовіч Палінцы. Калі нараджаюцца дзеці, значыць, вёска жыве і будзе жыць.
Амаль кожны трэці жыхар атрымаў памятны падарунак. Былі адзначаны лепшыя падвор’і Ціхаміравых Аляксандра Аляксандравіча і Іны Эдуардаўны, а таксама Алешкаў Віктара Іванавіча і Таццяны Канстанцінаўны.
Словы віншавання прагучалі і ад старшыні філіяла Яцкевіча Эдуарда Мечыслававіча, які падзякаваў работнікам і пенсіянерам за добрасумленную працу. І развесяліў гасцей свята розыгрыш бяспройгрышнай латарэі. На вуліцы напіткамі, ласункамі, прадуктамі харчавання гандляваў выязны мясцовы магазін.
Стоячы і пад незмаўкаючыя апладысменты быў успрыняты апошні нумар праграмы, ніхто не хацеў разыходзіцца і гэта азначае, што свята удалося. Сонейка таксама свяціла ярка, як па заказу.
Паболей бы такіх свят, бо добрыя традыцыі, выдатны настрой збліжаюць людзей, робяць ix больш чулымі і ўважлівымі адзін да аднаго.
Галіна ПЕРХУРОВІЧ,
жыхарка вёскі Бубны


