Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Стараста аграгарадка Крывое Сяло

Здагадваецеся, пра каго гэта я? Вядома ж пра вясковага старасту, які і на самой справе з’яўляецца галоўным у сваім населеным пункце. Менавіта на ім павінны завязвацца ўсё праблемы сяльчан і, канешне ж, вырашацца. І менавіта стараста павінен быць першым памочнікам старшыні сельвыканкама ў любой справе. Думаю, што сумеснымі намаганнямі гэтых людзей з прыцягненнем іншых службаў можна вырашыць практычна любую праблему на вёсцы. Калі, вядома, не падыходзіць да яе фармальна.

SDC12262Зінаіда Абросімава выбрана старастам аграгарадка Крывое Сяло у бягучым годзе. Аднак і за гэты час у Зінаіды Віктараўны сабралася інфармацыя, якой можна падзяліцца з віляйчанамі.
– Вопыт работы з людзьмі ў мяне ёсць, – расказвае жанчына. – Калісьці давялося быць старшынёй жансавета, так што пэўныя напрацоўкі маю.
Лічу, што самае галоўнае для старасты – цесная сувязь з аднавяскоўцамі і такое ж цеснае супрацоўніцтва са старшынёй сельвыканкама. Нам пашанцавала, што Ірына Супрановіч, наш старшыня, – мясцовая, добра ведае людзей і праблемы кожнага. А яшчэ, лічу, вельмі важна і тое, што Ірына Аляксандраўна раней працавала сакратаром Рабунскага сельскага Савета, так што яна з намі даўно і работу сваю ведае дасканальна. З любым пытаннем і ў любы час сутак звяртаемся да яе – і ніколі не адмовіць. Што тут скажаш, чалавек на сваім месцы. А яшчэ немалаважна, на маю думку, тое, што старшыня заўсёды паказвае асабісты прыклад, яе можна застаць не толькі з ручкай у кабінеце, але і з пэндзлем, рыдлёўкай ці касой там, дзе трэба навесці парадак.
– А ці адчуваеце дапамогу ў вырашэнні пытанняў ад мясцовай гаспадаркі?
– Канешне. Сельгаспадарчае прадпрыемства ААТ «Вілейскі камбікормавы завод» заўсёды прыслухоўваецца да нашых праблем і вырашае іх. Упраўляючы Анатоль Апанасевіч, аграном Мікалай Засінец, галоўны інжынер Эдуард Супрановіч – гэта людзі, з якімі заўсёды можна звярнуцца з любым пытаннем.
– Ведаю, Зінаіда Віктараўна, што нядаўна Вы былі на вучобе стараст у Мінску…
– Так, на працягу тыдня мы, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання, можна сказаць, павышалі сваю кваліфікацыю. Тэрмін вучобы, канешне, невялікі, але і за гэты час многае даведаліся. Перад намі выступалі цікавыя людзі, прадстаўнікі самых розных службаў, арыентавалі нас на тое, што старасты павінны быць у цэнтры усіх падзей, валодаць усёй інфармацыяй і прымаць непасрэдны ўдзел ва ўсіх справах. Нам многае расказвалі пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў, акрэсліўшы гэты накірунак як галоўны ў дзейнасці стараст. Закраналіся на вучобе і пытанні работы сацыяльных работнікаў, а таксама агульная наша бяда – п’янства… Карацей, працаваць ёсць над чым.
– І ёсць з кім?
– Так, у тым, каб у нашым населеным пункце было прыгожа, акуратна і спакойна, зацікаўлены мы ўсе – і мясцовае кіраўніцтва, і сацыяльныя работнікі, і людзі працуючыя, і пенсіянеры. Людзі ў Крывым Сяле цікавыя, працавітыя, творчыя. Кожны стараецца, каб яго сядзіба выглядала прыгожа і арыгінальна. Асабліва бачна гэта прыгажосць у пару, калі падворкі расквечваюцца мноствам кветак… Мы ж самі гаспадары свайго жыцця, і ў нашых сілах зрабіць вельмі многае на зямлі, дзе нам жыць.
– Дзякуй, Зінаіда Віктараўна, за гутарку і поспехаў Вам у няпростай справе.
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries