Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Праз 310 гадоў першая канстытуцыя Украіны, створаная ўраджэнцам Касуты, перакладзена на беларускую мову

Чарговы прыезд украінскай дэлегацыі на Вілейшчыну, у вёску Касута, на радзіму гетмана Украіны Піліпа Орліка, быў прымеркаваны да юбілею створанай ім канстытуцыі запарожскага войска.

Добрыя сябры, а не госці – так ставяцца да ўкраінскіх дэлегацый на Вілейшчыне. Штогод грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Ватра» на чале з яе кіраўніком Галінай Калюжнай прыязджае ў Касуту, каб аддаць даніну памяці сыну двух братэрскіх народаў Піліпу Орліку. Вось і цяперашні прыезд, які меў адбыцца яшчэ ў красавіку, але быў адкладзены з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, згуртаваў украінцаў Беларусі, якія ўсклалі кветкі да памятнага знака гетману Украіны і аўтару першай украінскай канстытуцыі Піліпу Орліку, што нарадзіўся тут, у Касуце.

5 красавіка споўнілася 310 гадоў з дня падпісання гістарычнага дакумента, які атрымаў назву «Канстытуцыя Піліпа Орліка». Гэта падзея адбылася ў 1710 годзе, калі казацкім старшынёй Піліп Орлік быў абвешчаны гетманам Украіны. Пасля заканчэння цырымоніі ён прадставіў тэкст дакумента, названага ў гісторыі як «Пакты і пастановы правоў і вольнасцяў Войска Запа­рожскага левабярэжнай Украіны». Па сваёй сутнасці гэты дакумент з’яўляўся дамовай паміж гетманам і вольным украінскім ка­зацтвам. Па сваім духу і дэмакратызме на той час, калі нават у самых прагрэсіўных еўрапейскіх краінах галоўным прынцыпам дзяржаўнага ладу з’яўлялася абсалютная манархія, кансты­туцыя Орліка з’ўлялася ўнікальнай і прагрэсіўнай. Унікальная яна, у першую чаргу, тым, што ў ёй была прапанавана новая ідэя падзелу ўлады на тры галіны – заканадаўчую, судовую і выканаўчую. Канстытуцыя Піліпа Орліка з’явілася першай у свеце пісанай канстытуцыяй, якая на 77 гадоў апярэдзіла канстытуцыю ЗША і на 81 год канстытуцыю Рэчы Паспалітай.
Галіна Яфімаўна Калюж­ная, старшыня грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ват­ра» і ініцыятар пера­кладу канстытуцыі Орліка на беларускую мову, распавяла, што 25 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя выдання канстытуцыі на беларускай мове.

– Гэта помнік палітыка­прававой думкі, што лічыцца першай украінскай канстытуцыяй. Выданне дакумента на беларускай мове сімвалічна верне на радзіму імя яго аўтара. Украінскі дзяржаўны і палітычны дзеяч Піліп Орлік – ураджэнец вёскі Касута Вілейскага раёна, што стаў славутым гетманам Украіны. І вельмі прыемна, што ў прэзентацыі гэтага выдання ў Нацыянальнай бібліятэцы прынялі ўдзел намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Юхан­нессон, а таксама Надз­вычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Сорочаны, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай ака­дэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч, – распавяла Галіна Калюжная.
Выданне «Канстытуцыі Піліпа Орліка» Ігар Кізім перадаў у фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а дзякуючы шведскаму паслу Крысціне Юханнессон ў бібліятэцы зараз можна знайсці і копію лацінамоўнай версіі дакумента «Пакты і пастановы правоў і вольнасцяў вайсковых» Піліпа Орліка, арыгінал якога захоўваецца ў Швецыі.

Піліп Сцяпанавіч Орлік – ад­на з самых цікавых фігур у еўрапейскай гісторыі. Нарадзіўся ён у 1672 годзе ў вёсцы Касута. Яго бацька быў спадчыннікам старадаўняга роду чэшскіх баронаў, а маці паходзіла з вядомага беларуска-літоўскага дваранскага роду Малахоўскіх. Піліпу яшчэ не было і года, калі яго бацька загінуў пад Хоцінам, і Орліку давялося ў жыцці дамагацца ўсяго сваёй ўласнай працай. Пасля заканчэння езуіцкага калегіума ў Вільні ён паступіў у Кіева-Магілянскую акадэмію. Як адзначалі яго біёграфы, «у акадэміі Піліп Орлік асабліва цікавіўся філасофска-багаслоўскімі пытаннямі і, як пераважная большасць студэнтаў, выдатна валодаў латынню, а таксама свабодна валодаў многімі еўрапейскімі мовамі: польскай, шведскай, французскай, балгарскай, сербскай, італьянскай, нямецкай і грэчаскай». І, як тады казалі, ён ад Бога быў адораны пісьменніцкім талентам. Па заканчэнні акадэміі адукаванага і пісьменнага студэнта адразу заўважылі і па пратэкцыі выкладчыкаў навучальнай установы ўзялі на пасаду кафедральнага пісара Кіеўскай мітраполіі. Пасля ён становіцца пісарам ў Генеральнай канцылярыі Войска Запарожскага.

На здольнасці Орліка звяртае ўвагу гетман Украіны Іван Мазепа, і з гэтага моманту кар’ера Орліка імкліва ідзе ўверх. Ён становіцца адным з бліжэйшых памочнікаў гетмана, займае пасаду старшага канцылярыста, а затым кіраўніком справамі генеральнай вайсковай канцылярыі і, нарэшце, у 1706 годзе станавіцца генеральным пісарам Войска Запарожскага.
Далей лёс Орліка, як і лёс апальнага гетмана Мазепы, трапляе ў віхор ваенных узрушэнняў.

У 1709 годзе пасля разгрому ў Палтаўскай бітве Піліп Орлік на сходзе войска рэшткамі шведскай арміі і запарожскімі казакамі, пасля смерці Мазепы, выбіраецца гетманам Украіны і застаецца ім у выгнанні да канца сваіх дзён. Піліп Орлік тады, 5 красавіка 1710 года, фактычна ўсё паставіў на карту – сваю будучыню, будучыню сваёй сям’і – жонкі і пецярых дзяцей, сваю маёмасць, літаральна асудзіўшы сябе на вечныя пазбаўленні. Акрамя памяці пра сябе, Піліп Орлік пакінуў у Швецыі гетманскую булаву і сваю канстытуцыю, а Францыі падараваў назву аднаго з найбуйнейшых аэрапортаў свету – аэрапорт «Арлі», пабудаваны на месцы маёнтка яго сына – генерала Рыгора Орліка. Не забыта імя Орліка і на яго малой радзіме – у 2006 годзе ў Касуце Орліку быў усталяваны памятны знак, а ў Вілейцы адна з вуліц носіць яго імя і на першым яе будынку таксама ўстаноўлена памятная шыльда ў гонар выбітнага ўраджэнца Вілейшчыны.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 149 queries