Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Аперацыйная – пад сасной, або Партызанскі метад хірурга Івана Волаха

У пасляваенны час медыцынскую дапамогу насельніцтву ажыццяўлялі былыя франтавыя і партызанскія ўрачы. Імёны іх не зніклі ў забыцці – сёння на Вілейшчыне, з гонарам і ўдзячнасцю, памятаюць пра іх калегі і пацыенты. Пра Івана Васільевіча і Алену Васільеўну Волахаў, сямейную пару медыкаў, таксама жыве сёння памяць.

 

Адметным прафесійным вопытам надзяліла вайна Івана Волаха. Так было наканавана лёсам, што экзамен на вернасць выбранай прафесіі Іван Васільевіч трымаў у няпросты час – і здаў яго на «выдатна». Ён нарадзіўся ў вёсцы Старына Ушачскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Долецкай школе, потым – у палітасветвучылішчы ў Магілёве. А ў 1935 годзе паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, які скончыў у 1940-ым. Па камсамольскай пуцёўцы працаваць быў накіраваны ў Свянцянскі раён Вілейскай вобласці, там сустрэў і Новы, 1941-шы, год. Потым Вілейскім абласным здраўаддзелам быў пераве­дзены ў Мядзельскі раён. Да пачатку вайны Іван Волах працаваў загадчыкам Слабадскога ўрачэбнага ўчастка, там яго і застала гэта страшная навіна.

У першы дзень вайны Івана Волаха адазвалі ў Мядзел. Урачы былі ўжо мабілізаваны ў армію, а яму перадалі бальніцу, амбулаторыю і райздраўаддзел. Некалькі дзён ён удзельнічаў у рабоце камісіі па мабілізацыі насельніцтва раёна ў войска. Па фізічным стане сам Іван Волах не мог эвакуіравацца, а потым пачалі паступаць параненыя і хворыя з вёсак. Так ён застаўся ў Мядзелі, дзе лячыў мясцовае насельніцтва. З 1942 года Іван Волах трымаў сувязь з партызанамі групы Фёдара Маркава, перасылаў ім медыкаменты, хірургічныя інструменты, перавязачны матэрыял і разведдадзеныя пра гарнізон. Шмат разоў выяз­джаў у лес – дапамагаў параненым партызанам. Аперыраваць прыходзілася ў палатках і нават проста на вуліцы пад сасной, на збітым на хуткую руку з дошак стале. Такі партызанскі спосаб, прадыктаваны ўмовамі ваеннага часу.

Аднойчы партызаны прапанавалі прыняць удзел у баявой аперацыі – ён згадзіўся. Пасля грунтоўнай пад­рыхтоўкі разам з невялікай групай партызан прабраліся ў нямецкі гарнізон у Дунілавічах. Пры яго разгроме Івану Волаху атрымалася ўзяць з аптэкі, будынак якой знаходзіўся побач з жандармерыяй, шмат перавязачнага матэрыялу і медыкаментаў. Потым ён сустрэўся з персаналам бальніцы і паліклінікі, дзе таксама ўзяў бялізну, медыкаменты і перавязачны матэрыял. Выкананне баявога задання захапіла Івана Волаха – і ён не заўважыў сігналу адыходу з гарнізону партызан. Ад атрада ён адстаў, з цяжкасцю выбраўся з гарнізону і быў паранены ў правую нагу. Разам з групай партызан з бальніцы пайшлі дзве медсястры, якія засталіся пры атрадзе. А трафейных медыкаментаў хапіла надоўга, каб лячыць параненых і хворых партызан.

Раненне самога Івана Волаха ўскладнілася, спатрэбілася дадатковая аперацыя – ён нелегальна быў перапраўлены ў Вільнюс, дзе яго прааперыраваў прафесар Міхейда. З нетрывалым пасляаперацыйным рубцом 28 жніўня 1943 года па распараджэнні камбрыга Фёдара Маркава яго разам з жонкай Аленай Васільеўнай разведкай даставілі ў партызанскую брыгаду імя Варашылава. Пра гэта пазней напіша Іван Волах у сваёй аўтабіяграфіі, якая захавала звесткі і пра іншыя моманты партызанскай старонкі яго жыцця.
Брыгада імя Варашылава, у якой застаўся хірург Іван Волах, наліч­вала 15 атрадаў колькасцю да двух з паловай тысяч чалавек. У складзе яе і была Алена Таронава – сувязная, партызанка, аперацыйная медыцынская сястра, будучая жонка Івана Волаха. Ураджэнка вёскі Мазурова Байкалаўскага раёна Омскай вобласці, дзе нарадзілася ў 1922 годзе, яна да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працавала загадчыцай Ваўкалацкага фельчарска-акушэрскага пункта Крывічскага раёна. Не раз паказвала вайна ёй сваё жудаснае аблічча. Акупацыя абрушыла на яе сям’ю шмат гора. Арышт бацькі, Васіля Фёдаравіча, маці, Надзеі Сцяпанаўны, і чатырох малодшых сясцёр – пяцігадовай Зоі, васьмігадовай Раі, адзінаццацігадовай Ніны, шаснаццацігадовай Антаніны, якіх ворагі ўтрымлівалі ў Мядзелі.

Алена Волах. Фота з архіва Вілейскай ЦРБ

Хуткая смерць маці… Разграбленне ворагамі вёскі Брусы, 43 жыхары якой загінулі ў вогненным полымі, закрытыя ў хляве… Колькі было іх, такіх жудасных карцін, якія назаўсёды адбіліся ў маладым сэрцы, у якім пасялілася нянавісць да ворага. За здзекі і крывавую расправу над мірнымі жыхарамі помсцілі ворагам партызаны, да гэтага руху далучылася і Алена Таронава. Спачатку яна была сувязной, а потым у складзе брыгады імя Варашылава – аперацыйнай медыцынскай сястрой. Брыгадны шпіталь размяшчаўся ў атрадзе імя Чапаева. Памочнікам камандзіра атрада па санітарнай часці быў Іван Волах, якому падчас аперацый асісціравала і інструменціравала Алена Васільеўна. У вельмі складаных умовах аказвалася хірургічная дапамога. На адкрытым паветры, пад сасной, на збітым з дошак стале праводзіліся шматлікія аперацыі – ад ранення ў жывот да ампутацыі сцягна. Халаты і прасціны стэрылізавалі кіпячэннем, адціскалі і апраналі вільготнымі. Бінты і перавязачны матэрыял рабілі з парашутнай тканіны. Часам звычайныя кінжал і нажоўка станавіліся хірургічным інструментам… Івану Волаху даво­дзілася выязджаць у іншыя партызанскія атрады брыгады Варашылава, а таксама ў брыгаду Гастэла, Даватара, Будзёнага, Суворава і іншыя.

У верасні 1943 года фашысты распачалі супраць вілейскіх партызан вялікую кар­ную аперацыю. Шмат параненых было ў жорсткіх баях. Эвакуіраваць іх разам з медперсаналам на лясны востраў сярод балота каля вёскі Калодзіна было мерай вымушанай. Смелае рашэнне не выносіць параненых з лесу і балота, прынятае падчас нямецкай блакады, аказалася правільным. Карнікі, што прачэсвалі лес, не змаглі іх знайсці. Пасля выратавання тэрыторыі ад акупантаў параненых і хворых партызан эвакуіравалі ў Мядзел, дзе яны лячыліся да расфарміравання партызанскай брыгады.

Да 1958 года працаваў Іван Волах у Мядзелі, дзе быў арганізатарам аховы здароўя і загадчыкам хірургічнага аддзялення. З мэтай умацавання хірургічных кадраў быў пераведзены ў Вілейскую абласную бальніцу. Некалькі год працаваў бортхірургам у складзе санавіяцыі – на адказнай пасадзе абслугоўваў 23 раёны вобласці. Днём – на самалёце, ноччу – на санітарнай машыне бесперапыннымі выездамі аказваў медыцынскую дапамогу. І пазней, ужо ў паважаным узросце, працягваў працаваць Іван Волах, дапамагаючы людзям. Яго жонка, Алена Васільеўна, шмат год працавала акушэрам-гінеколагам. Лячыла жанчын, дапамагла з’явіцца на свет многім дзеткам… Адказны і пачэсны абавязак, які Алена Волах выконвала на працягу многіх год.

…Бяссмертны чалавечы і прафесійны подзвіг медыкаў, якія пайшлі ў вечнасць, пакінуўшы аб сабе светлую памяць. І яна жыве.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота прадстаўлена Вілейскім краязнаўчым музеем

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 148 queries