Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Богам пазваны ў дарогу…

Гісторыю ствараюць людзі, таму вельмі важным застаецца зберагаць у гістарычнай памяці не толькі знакавыя падзеі мінулага, але і імёны нашых землякоў, якія сваім жыццём, сваёй працай, сваімі дасягненнямі памнажаюць славу роднага краю. Адзін з такіх Рыгор Мікалаевіч СКАБЕЙ – вядомы дыпламат, выкладчык і багаслоў Рускай Праваслаўнай Царквы.

12 чэрвеня 2020 года перастала біцца яго вялікае сэрца…

Гістарычнае аб’яднанне старшакласнікаў “Бацькаў-шчына”, якое працуе пры
раённым рэсурсным цэнтры па духоўна-маральным выхаванні на базе Вілейскай гімназіі № 2, праводзіць вялікую работу па вывучэнні гісторыі малой радзімы. Адзін з накірункаў працы – славутыя імёны Вілейшчыны.

Наш славуты зямляк больш за паўвеку пражыў у Маскве ў самым жывым і арганічным асяродку рускай культуры, але пранёс праз усё сваё жыццё невыказную любоў да роднай бацькаўшчыны, да матчынай мовы і мілагучнай беларускай песні. Рыгору Мікалаевічу ішоў дзевяноста першы год, а ён мог без перапынку прачытаць вам усю паэму Якуба Коласа “Новая зямля” на памяць…

Ён быў сапраўдным беларусам – працавітым, жыццярадасным і памяркоўным!
“Нарадзіўся я пры панскай Польшчы ў любай сэрцу Касуце…” – так пачынаецца вершаваная паэма Рыгора Мікалаевіча Скабея аб асабістым жыцці, якую ён склаў для родных і блізкіх людзей адзінаццаць год таму да свайго васьмідзесяцігоддзя.

Нарадзіўся Рыгор Мікалаевіч 13 кастрычніка 1929 года ў вёсцы Касута Вілейскага раёна. У сям’і было адзінаццаць дзяцей, чацвёра з якіх памерлі ў дзяцінстве, а сямёра засталіся жыць. Сям’я, як і большасць вяскоўцаў таго часу, жыла працай на зямлі, трымала сваю гаспадарку. Бацька разводзіў пчол і вельмі любіў лавіць рыбу. З самых малых гадоў дзеці Скабеяў прывучаліся да працы і да малітвы, тым больш, што царква была побач. Нястача і беды, якія суправаджалі сям’ю, прывучалі да рэалістычных планаў і падсвядома выхоўвалі імкненне да лепшага жыцця.

Потым была вайна. Старэйшыя браты ваявалі, а Рыгору з малодшымі прыйшлося перажыць здзекі акупацыйнай улады. Аднойчы фашысты сагналі ўсіх жыхароў Касуты ў пусты хлеў і хацелі спаліць. За тыя гадзіны, пакуль чакалі загаду, людзі перажылі невыказны жах – рыхтаваліся да страшнай смерці – прасілі адзін у аднаго прабачэння і маліліся са слязьмі. І, можа, тая шчырая малітва дайшла да Бога: здзейсніўся цуд і іх пакінулі жывымі. У гэты час кволы расточак дзіцячай хрысціянскай веры перарос у моцнае дрэва, якое ні разу не пахіснулася перад бурамі доўгага і складанага жыцця.

Пасля вайны быў голад і бясконцая праца па ўзнаўленні разбуранай гаспадаркі. Рыгору хацелася вучыцца – і ў 1947 годзе васямнаццацігадовым юнаком ён пакідае бацькоўскі дом і ідзе ў свет шукаць сабе долі. Закончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю і акадэмію, абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам багаслоўя. З 1957 па 1960 год працаваў памочнікам інспектара і выкладчыкам Саратаўскай духоўнай семінарыі. Калі ўлады зачынілі семінарыю, пераехаў на працу ва Уладзімірскую епархію. Там заўважаюць яго шматлікія таленты і пераводзяць у Маскву супрацоўнікам аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату Рускай Праваслаўнай Царквы. Па благаславенні мітрапаліта Нікадзіма Ротава Рыгора Мікалаевіча накіроўваюць на вучобу ў Грэцыю, дзе ў старажытнай Эладзе ён два з паловай гады вывучае філасофію і мовы. Дарэчы, наш герой дасканала валодаў, акрамя беларускай і рускай моў, польскай, грэчаскай, нямецкай, англійскай, лацінскай і царкоўнаславянскай мовамі.

З 1971 па 1973 год займае пасаду сакратара Прадстаўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы пры Сусветным савеце цэркваў у Жэневе, а па звароце ў Маскву працягвае працаваць рэферэнтам аддзела знешніх царкоўных сувязей да самай глыбокай старасці. У гэты час Рыгор Мікалаевіч стварае дзясяткі багаслоўскіх і гістарычных прац, якія пабачылі свет у часопісах Маскоўскай патрыярхіі і іншых вядомых выданнях.

Рыгор Скабей – удзельнік Шостай Генеральнай асамблеі Сіндэсмасу ў Фінляндыі 1964 года; міжправаслаўнай камісіі па дыялогу з англіканамі ў Белградзе і Белградскай канферэнцыі 1966 года, кансультант міжправаслаўных камісій па падрыхтоўцы Вялікага Сабора ў Шамбезі 1971 і 1986 гадоў; удзельнік кансультацыі багасловаў Памесных Праваслаўных і Старажытных Усходніх Цэркваў (Праваслаўная Акадэмія на Крыце) 1975 года; удзельнік кангрэсу “Багаслоўе Царквы і яго прымяненне” 1976 года; удзельнік змешанай багаслоўскай камісіі па праваслаўна-лютэранскаму дыялогу на Кіпры 1983 года; па праваслаўна-старакаталіцкаму дыялогу 1987 года; па дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Старажытнымі Усходнімі Цэрквамі ў Шамбезі 1990 года і многіх іншых сусветна вядомых мерапрыемстваў.

Будучы непасрэдным удзельнікам міжправаслаўных сустрэч і міжканфесіянальных багаслоўскіх дыялогаў, ён нязменна адстойваў інтарэсы Рускай Праваслаўнай Царквы, заслугоўваючы павагу і сімпатыю апанентаў мудрай паслядоўнасцю сваёй пазіцыі і падкрэсленай павагай да чужых поглядаў. Ён унёс значны ўклад ва ўстанаўленне правільных узаемаадносінаў праваслаўя з экуменічнымі арганізацымі, якія ў гады ганенняў з боку атэістычнай дзяржавы адыгрывалі важную ролю ў зберажэнні жыццядзейнасці Рускай Праваслаўнай Царквы. Яго шматлікія заслугі на знешнецаркоўным дыпламатычным узроўні атрымлівалі высокую адзнаку ў праваслаўным свеце, аб чым сведчыць вялікае мноства царкоўных ўзнагарод.

Імя нашага зямляка Рыгора Мікалаевіча Скабея ўпісана ў сусветную гісторыю. Мы можам па праву ганарыцца ім! Ён пражыў вялікае і змястоўнае жыццё. Напэўна, гэта той рэдкі выпадак, калі воля самога чалавека цалкам супала з промыслам Божым аб ім. Богам пазваны ў дарогу, ён быў пастаўлены там, дзе падышоў найлепшым чынам. Усё яго жыццё, вера, служэнне, грамадзянская пазіцыя, працаздольнасць і вытрымка могуць быць цудоўным прыкладам для нас у выхаванні нашых дзяцей.

Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Вілейская гімназія № 2”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 148 queries