Выданне ў сціплай вокладцы не кожны адразу прыкмеціць на паліцах кнігарняў ці бібліятэк. Алесь Адамовіч. Янка Брыль. Уладзімір Калеснік. “Я – з вогненнай вёскі”… На попельна-шэрым фоне вокладкі – клубы дыму над двума ніцымі дрэўцамі, ужо амаль ушчэнт знішчанымі пажарам вайны. Языкі полымя – колеру апалага восеньскага лісця. Яно сышло ў вечнасць, як горкія людскія лёсы. Вашы лёсы, юнакі і дзяўчаты, што і сёння, праз дзясяткі гадоў, застаюцца нашымі равеснікамі. Пра вас, вашых бацькоў, маленькіх сястрычак і брацікаў, магчыма, нават немаўлятак. Іх вы гушкалі ў дзіцячых зыбках-калысках. Яны таксама задыхнуліся ад едкага дыму, прытуленыя да мацярынскіх грудзей. Пра іх і пра вас расказваюць на старонках кнігі тыя нямногія, што выжылі ў агні і ў натуральным сэнсе слова выбраліся з-пад зямлі.
Ім наканавана расказаць свету аб трагедыі беларускіх вёсак, якія напаткаў лёс Хатыні. Аўтары кнігі ўдыхнулі попел спаленых фашыстамі паселішчаў, сустрэліся з жывымі сведкамі праўды.
“Вы павінны нешта рабіць у лічаныя секунды, гледзячы зблізку ў твар смерці. Адзін закрывае сабой дзіця. Другі кідаецца праз усю хату ў вакно. Чалавек жа да апошняга імгнення разлічвае на нешта…” Гэта толькі адзін радок успамінаў ацалелых у вогненнай стыхіі людзей. Гартаеш кнігу – і адчуваеш, як поўніцца сэрца горкім болем праўды. Ён не пакліча нас да помсты, але прымусіць засцерагчыся ад паўтарэння. І жыве ў сэрцы надзея на вышэйшую справядлівасць Неба.
Успаміны больш трохсот сведкаў хатынскіх трагедый складаюць змест кнігі.
Аляксандра ЖУК, Яраслаў БАБАРЫКА, клуб “Юны журналіст” Вілейскага дзяржаўнага каледжа