Сёння хочацца расказаць не пра работу ўстановы, якой кіруе Таццяна Мікалаеўна, а яшчэ пра адзін падначалены ёй калектыў, без якога творчая жанчына ўжо не ўяўляе сябе – пра народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» раённага Палаца культуры. Менавіта ён прадстаўляў нядаўна Вілейшчыну ў праекце «Рэгіёны», які дзейнічае ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Праект прадугледжвае сустрэчы, прэзентацыі і іншыя цікавыя формы дзейнасці на базе музея з прыцягненнем творчых калектываў і таленавітых асоб з розных рэгіёнаў Беларусі. Адказная місія абараняць гонар Вілейшчыны выпала менавіта «Элегіі»…
– Гэта была літаратурна-музычная вечарына «Святло слова», дзе гучала беларускае слова, – расказвае Таццяна Захарыч. – У зале сабрала цікавая публіка: беларускія паэты, мастацтвазнаўцы, навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, студэнты. Усіх нас гасцінна прывітала дырэктар музея Лілія Макарэвіч. А пасля пра літаратурна-музычны рух па Вілейшчыне цікава расказаў кандыдат філалагічных навук, дацэнт, лаўрэат міжнароднай Пушкінскай прэміі Сяргей Карпушын.
Разам з Таццянай Захарыч вядучым вечарыны быў артыст Беларускага радыё Алег Вінярскі. Трэба адзначыць, што гэтыя творчыя людзі зрабілі атмасферу ў зале надзвычай цёплай была, не проста канцэртная праграма, а размова з гледачамі пра высокае мастацтва.
Аўтары-выканаўцы Уладзімір Цанунін, Сяргей Верамееў, музычны кіраўнік і апрацоўшчык песень Уладзімір Лапцік, скрыпачка Людміла Алеолава, майстар мастацкага слова Валянціна Цітовіч, харэограф Ірына Новік, гукарэжысёр Аляксей Сяліцкі – гэтыя таленавітыя людзі пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч і складаюць «Элегію», калектыў, пра які вельмі хораша сказаў Сяргей Карпушын, адзначыўшы велізарную заслугу «Элегіі» ў тым, што яна нясе роднае слова, працуе з беларускай класікай. А, між тым, пачалася аўтарская песня на Вілейшчыне з паэзіі нашага земляка Івана Лашуткі. Вось і ў гэтай літаратурна-музычнай кампазіцыі гучалі творы нашага знакамітага паэта. Як, урэшце, і многіх іншых. Звярталіся нават да рускай класікі – вершы Цютчава і Буніна вельмі хораша чытала Валянціна Цітовіч.
У гэты вечар гучалі творы разнастайнай тэматыкі. Была нават прэм’ера духоўнай песні Сяргея Верамеева «Твой шлях», якая была надзвычай прыязна ўспрынята публікай. Хораша прагучала ў выкананні гэтага ж артыста песня на словы Сяргея Паўлоўскага «Араты»; арганічна ўплялася ў расказ пра музей першай сусветнай вайны, створаны Барысам Цітовічам, песня «Два салдаты» ў выкананні Уладзіміра Цануніна, аўтара верша; не пакінула прысутных раўнадушнымі «Балада пра званочак» на словы Навума Гальпяровіча, аўтарам музыкі стаў таленавіты вілейскі кампазітар Уладзімір Лапцік. А яшчэ гучаў дасціпны гумар Уладзіміра Цануніна, была прэм’ера яго песні «Далёка ад Расіі». Кранаюча і прыгожа, як і заўсёды, гучала скрыпка Людмілы Алеолавай; на вышыні была работа гукарэжысёра Аляксея Сяліцкага.
На вечарыне прысутнічала і чытала свае вершы паэтэса Аліна Легастаева. На яе верш Таццяна Захарыч напісала цудоўную песню «Мая Вілейка», якая і прагучала ў гэты вечар. Крануў прысутных дуэт таленавітых людзей Таццяны Захарыч і Сяргея Верамеева. Ах, як хораша спявалі яны «Начны праспект»! А музычна-паэтычная замалёўка «Белы лель» зачаравала музыкай Шуберта, цудоўным вершам і ўзнеслым танцам Ірыны Новік…
Закончылася праграма песняй «Дабрата» Таццяны Захарыч на словы Алены Радкевіч, музычная апрацоўка Уладзіміра Лапціка.
Цёпла і прафесіянальна пра творчасць «Элегіі» і ўвогуле пра духоўнасць і мастацтва гаварылі старшыня абласнога клуба «Жывіца» Ірына Карнаухава, паэт-песеннік Васіль Жуковіч, вядомыя мастацтвазнаўцы Аоена Атраховіч, унучка Кандрата Крапівы і Рыгор Шаура, галоўны рэжысёр духоўнага камернага тэатра Наталія Башава.
– Прыемна, што творчасць нашага калектыву так высока ацэнена і прафесіяналамі, і простымі гледачамі, – адзначыла Таццяна Захарыч. – Кожны артыст «Элегіі» ўпэўнены, што культура – гэта не забаўляльнае шоу, аснова яе – у глыбіні, у нашых каранях. Беларускае слова, жывы гук – вось галоўнае, што мы хочам данесці слухачам. Дзякуй, што нас разумеюць і дапамагаюць і кіраўніцтва раёна, і аддзел культуры, і ўсе, хто неабыякавы да творчасці «Элегіі». Наперадзе ў нас мноства новых праектаў, цікавых сустрэч.
Ірына БУДЗЬКО
Фота прадастаўлены Таццянай Захарыч
«Элегія» прадстаўляла Вілейшчыну ў праекце «Рэгіёны»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов




