Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Напярэдадні святкавання Дня Перамогі ўбачыла свет новая кніга вілейскага аўтара Барыса Манцэвіча

Напярэдадні святкавання Дня Перамогі ўбачыла свет новая кніга вілейскага аўтара Барыса Манцэвіча. Яна прысвечаная ўспамінам сведкаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Журналіст, пісьменнік, публіцыст Барыс Манцэвіч вельмі шмат увагі ў сваёй творчасці ўдзяляе падзеям Вялікай Айчыннай вайны, бо сам з’яўляецца непасрэдным «дзіцём ваенных гадоў». Нарадзіўся Барыс Флоравіч у 1933 годзе на Мёршчыне ў сям’і сельскіх настаўнікаў. На самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны яго бацьку Флора Данатавіча за ўдзел у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, дзе ён выступаў з дакладам, фашысты расстралялі.

Маці, застаў-шыся з пяццю дзецьмі, з якіх Барыс быў самы малодшы, арганізавала антыфашысцкае падполле, якое распаўсюдзілася па ўсім раёне, ахапіла гарады Браслаў і Глыбокае. Калі над сям’ёй навісла пагроза смерці, 2 верасня 1943 года партызаны забралі Манцэвічаў у 6-ты атрад 4-й Беларускай партызанскай брыгады, дзе для кожнага члена сям’і знайшоўся занятак у барацьбе з ворагам. У канцы 43-га на базе падполля быў створаны нелегальны партызанскі атрад «Масква», камісарам якога была выбрана маці будучага журналіста Аляксандра Міхайлаўна Манцэвіч. Пасля вайны, у 1957 годзе, Барыс Манцэвіч закончыў аддзяленне журналістыкі, а ў 1965-м – Мінскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў у Вілейскай раённай газеце «За Совецкую Радзіму», пераемніцай якой стала «Шлях перамогі», Вілейскім гаркаме партыі, Бярэзінскай райгазеце «Сцяг Леніна». 3 1958 года – член Беларускага Саюза журналістаў. Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Сваю новую кнігу, выдадзеную Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкай імя Ганны Новік, аўтар назваў «Вайна, вайна…». Гэта своеасаблівы зборнік, у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, сабраныя і запісаныя Барысам Флоравічам у розныя гады яго дзейнасці. У зборнік уключаны як журналісцкія артыкулы, якія пабачылі свет на старонках вілейскай і бярэзінскай раённых газет, так і апавяданні, у якіх па-мастацку апавядаецца пра ваенныя гады простых сялян, іх перажыванні і надзеі, пра ўспаміны былых франтавікоў. Стыль аўтара, якому ўласцівы дасціпны і па-мастацку літаратурны аповед, не дае адарвацца ад напісанага, пакуль не перагарнецца апошняя старонка. Кожны аповед насычаны рэальным апісаннем ваенных гадоў, цяжкасцяў простых людзей у гады акупацыі, баявых будняў франтавікоў, успамінаў аб перажытым ветэранаў і сведкаў ваеннага ліхалецця, а таксама пасляваенных турбот і мірнага жыцця. Завяршаецца зборнік прыпеўкамі на ваенную тэматыку, у якіх з тонкім гумарам падаюцца сур’езныя тэмы:

Наша вёска – патрыётка:

Хто на фронце, хто ў лясах,

А астатнія ў падполлі

Надаюць фашыстам страх.

Кожная новая кніга Барыса Манцэвіча заўжды чаканая, бо напісана ці то па ўспамінах перажытага, з тонкім паэтычным складам, ўласцівым толькі Барысу Флоравічу. Віншуем аўтара і чакаем новых твораў і зборнікаў.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 26 queries