Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У госці да ветэрана вайны і працы

Чаславу Антонавічу Варславану з Ільі зараз 97 гадоў, але ён з задавальненнем прымае гасцей, распавядае шмат пра ваенны час і па-раннейшаму любіць паслухаць навіны сваёй роднай установы – аграрнага каледжа.

Вядомы на Вілейшчыне і адзін са старэйшых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэран педагагічнай працы Часлаў Варславан часта прымае гасцей з Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа – установы, якой аддаў шмат год сваёй працоўнай дзейнасці. Вось і ў дзень Вялікай Перамогі настаўнікі, студэнты і актывісты БРСМ наведалі ветэрана, каб павіншаваць з гэтым значным для ўсёй краіны святам і яшчэ раз пагутарыць з жывым сведкам тых далёкіх падзей. У юбілейны год Перамогі студэнты каледжа разам з сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ Вікторыяй Вашынка ствараюць фільм пра ветэрана вайны Часлава Варславана. Вось і ў чарговы прыход яны знялі інтэрвью з аповедам ветэрана.
Часлаў Антонавіч Варславан нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна ў сям’і служачага ветэрынарнага лекара. Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Бабруйскім раёне, дзе ён і правёў цяжкія гады нацысцкай акупацыі. Ужо пасля вызвалення, у чэрвені 1944 года, Часлаў Антонавіч быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Служыў у 391-м стралковым палку 170-й стралковай дывізіі. Са снежня 1944 года быў прызначаны камандзірам аддзялення сувязі 44-й асобнай знішчальна-супрацьтанкавай брыгады, якая прымала ўдзел у баях па вызваленні Польшчы. Часлаў Варславан узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэнам Айчыннай вайны II ступені, шматлікімі юбілейнымі медалямі, з’яўляецца інвалідам вайны.

У пасляваенны час Часлаў Антонавіч застаўся ў арміі, скончыў Ленінградскае ваеннае вучылішча ў воінскім званні капітана. Праз пэўны час вырашыў прадоўжыць сямейную прафесію – стаць ветэрынарам, як яго бацька. Пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута працаваў ветэрынарным урачом. Затым пераехаў у Іллю, дзе працаваў выкладчыкам у Ільянскім сельгастэхнікуме. Ветэран пастаянна сустракаецца з ільянскімі школьнікамі і навучэнцамі аграрнага каледжа. Яго сустрэчы ў каледжы сталі часткай ваенна-патрыятычнага праекта навучэнцаў «Беларускі архіў вуснай гісторыі». Дыск з успамінамі ветэрана сёння захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, у шматлікіх школьных, прыватных і дзяржаўных архівах і музеях, выстаўлены ў інтэрнэце.

– Вельмі ўдзячны за тое, што наведваеце мяне, за шчырыя словы і пажаданні. У сваю чаргу жадаю ўсім аддана працаваць на карысць сваёй радзімы, моладзі – знайсці сябе ў жыцці і прафесіі. Удзячны за падтрымку і старшыні Ільянскага сельвыканкама Аляксандру Мікуцкаму, студэнтам і выкладчыкам каледжа, суполцы БРСМ, школьнікам і, асабліва, кіраўніцтву Ільянскай сярэдняй школы імя А.А. Грымаця. Са святам Вялікай Перамогі!

Сяргей ГАНЧАР/Фота прадастаўлена Вікторыяй ВАШЫНКА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 30 queries