Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Поўным ходам ідзе касавіца ў ААТ «Вязынскае-агра»

Пах свежаскошанай травы… Ён, знаёмы з дзяцінства, ап’яняе, кружыць галаву і вяртае ў тую далёкую пару, калі маленькай дзяўчынкай насіла снеданне бацьку на сенакос. Гэтак жа духмяна пахлі травы і гэтак жа стракаталі конікі, а недзе высока ў небе наперабой спявалі птушкі…
Поўным ходам ідзе касавіца ў ААТ «Вязынскае-агра». Травы сёлета, падзяліўся кіраўнік гаспадаркі Анатоль Ермаковіч, добрыя, не перастаялі, як іншы раз дзе бывае, ператварыўшыся ў цвёрдыя дудкі.
– На сённяшнюю раніцу (1 чэрвеня) нарыхтавана тона восемсот тысяч зялёнай масы, – расказвае Анатоль Іосіфавіч. – Усяго плануем нарыхтаваць каля 5 тысяч тон. Травы, як бачыце, якасныя, добрыя, будуць даспадобы жывёле.
Недахопу кармоў, расказаў кіраўнік, у гаспадарцы і сёлета не было – яшчэ і цяпер кормяць цялушак мінулагоднімі запасамі.
Спорыцца работа на полі ля Фалек: дзве касілкі, якімі ўпраўляюць Алег Буслаўскі і Уладзімір Мандрык, кладуць роўныя пакосы, а Уладзімір Грыпініч на «МТЗ» з валкаўтваральнікам разварушвае іх, здвойвае, рыхтуе фронт работы падборшчыкам, якімі кіруюць Уладзімір Лемешаў і Сяргей Буслаўскі.
– Будзем з кармамі, – упэўнена гаворыць Уладзімір Грыпініч. – На працягу некалькіх апошніх гадоў недахопу іх не адчуваем.
Першы чэрвеньскі дзень будзе надзвычайна спякотным – гэта адчувалася ўжо ўранні. Трэба карыстацца кожнай спрыяльнай гадзінай, калі спякота яшчэ не ў разгары. Таму на доўгія размовы ў корманарыхтоўшчыкаў часу не было – чакала вельмі важная справа.
Ірына БУДЗЬКО

Фото

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries