Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Трыццаць пяць гадоў разам

Сёмуха ў тым ужо далёкім 1976-ым была цёплая, светлая. Урэшце, як і чакалася ў самым пачатку чэрвеня. А для іх, яшчэ зусім маладых Віктара і Таццяны, той дзень запомніўся на ўсё жыццё – якраз на Сёмуху было іх вяселле.
– Распісваліся яшчэ ў старым Куранецкім сельсавеце, – прыгадвае Віктар Уліцкі, старшыня Куранецкага сельвыканкама, – бо мая Францаўна адсюль родам.
Гэта цяпер, трыццаць пяць гадоў ідучы адной жыццёвай сцежкай, яны называюць адно аднаго вось так паважліва: Васільевіч і Францаўна. А тады ў шлюб уступалі юная прыгажуня Таня (толькі дзевятнаццаць гадоў ёй было) і на два гады старэйшы Віця, малады аграном, які толькі-толькі вярнуўся з арміі.
Іх каханне не было імгненным, як гэта іншы раз здараецца. Зусім не, свае пачуцці маладыя людзі праверылі некалькімі гадамі трапяткіх прыгожых адносін.
– У вёсачцы Язжэнцы на Мядзельшчыне, адкуль Віктар Васільевіч родам, жыла мая цётка, да якой я часта ездзіла, – прыгадвае Таццяна Францаўна. – Там і сустрэліся, калі я была дзевяцікласніцай. Пазней Віктар прыязджаў у Куранец, прыходзіў да мяне на школьныя вечары. Калі ён пайшоў у армію, я чакала. А вярнуўся мой салдат – хутка і пажаніліся.
Прызнацца шчыра, бацькі маладых не вельмі хацелі, каб дзеці жаніліся. Лічылі, відаць, што вельмі юныя яны для стварэння сям’і, наўрад ці вытрымаюць усе тыя выпрабаванні, якія выпадаюць у жыцці. Ды вось жа памыліліся бацькі…
Два гады Віктар і Таццяна жылі ў доме маладой жонкі, а потым атрымалі сваю аднапакаёвую кватэру. Абзавяліся вялікай гаспадаркай. Карова, цяляты (звычайна трымалі па двое), свінні, куры, гусі, качкі – усё гэта гадамі было на падворку Уліцкіх. Каб спраўляцца з такой гаспадаркай, Таццяне прыйшлося звольніцца з «Зеніта», дзе працавала майстрам, і ўладкавацца ў калгас рахункаводам. Тут жа, у гаспадарцы, працаваў тады намеснікам старшыні і муж.
Праз тры гады сумеснага жыцця ў маладой сям’і нарадзілася жаданае дзіцятка – дачушка Ірынка. А яшчэ праз два з’явіўся на свет Юрачка. Шчасцю бацькоў не было межаў…
У клопатах і працы непрыкметна ляцеў час. Выраслі дзеці. А неўзабаве дачка прадставіла будучага зяця – мясцовага хлопца Алега. Згулялі вяселле. Малодшаму, Юрку, прыйшоў час служыць. Трапіў хлопец у пагранічныя войскі, службу нёс сумленна, чым заслужыў водпуск. З якой радасцю чакалі бацькі яго прыезду дамоў! Не дачакаліся. Не суджано было іх Юрку вярнуцца ў родны Куранец…
Дзесяць гадоў прайшло, як не стала сына. Боль страты не прайшоў, ён толькі прытупіўся. І прыйшло ўсведамленне таго, што ў гэтым жыцці ўсё ў волі Божай, што нельга штосьці перайначыць, вярнуць назад, нанава перажыць…
Боль не азлобіў Уліцкіх, не зрабіў іх сэрцы чэрствымі. Наадварот, з яшчэ большай спагадай і дабрынёй адносяцца яны да людзей. І па службовых абавязках (абое працуюць у сельвыканкаме), і па сваёй натуры.
З нецярпеннем чакаюць Віктар Васільевіч і Таццяна Францаўна кожнага лета. Тады да іх прыязджаюць унукі Мікіта і Максім, гонар і надзея бабулі з дзядулем. Сям’я дачкі жыве аж у Санкт-Пецярбургу, таму бачыцца часта не выпадае. Хлапчукам вельмі падабаецца ў вёсцы. З задавальненнем дапамагаюць яны дзядулю на грамадскай рабоце, вось і летась з сельвыканкамаўцамі фарбавалі агароджы могільнікаў у Асаўцы і Івонцавічах. А яшчэ хлапчукі любяць назіраць, як працуюць камбайны.
У адрозненне ад гарадскіх хлапчукоў, іх школьных сяброў, унукі Уліцкіх ведаюць, як і адкуль трапляе на наш стол хлеб.
– Гэта наша радасць і ўцеха, – расказвае пра хлопчыкаў Віктар Васільевіч. – І паслухмяныя, і ў школе вучацца выдатна, і са спортам сябруюць. Калі ад’язджаюць, нам з Францаўнай становіцца так сумна…
І тут выручае праца, якой яны аддаюцца спаўна. Жывучы клопатамі людзей, неяк не заўважаеш сваіх праблем, не хапае часу на тое, каб думаць пра свае балячкі і шкадаваць сябе.
– Вечарам у нас столькі тэмаў для размоў, – усміхаецца Таццяна Францаўна. – І ўсё аб працы, усё пра грамадскае… Пагутарым вось так, падтрымаем адно аднаго – і неяк лягчэй працуецца.
Простыя з людзьмі, спагадлівыя і добразычлівыя – такія яны, Уліцкія. Трыццаць пяць гадоў назад, урачыста паабяцаўшы адно аднаму быць разам у горы і ў радасці, яны так і ідуць па жыцці. Падзеленая на дваіх радасць – ярчэйшая ўдвайне; падзеленае гора перажываецца напалову лягчэй…
Ёсць у Івана Лашуткі цудоўныя радкі: “Я сагрэю цябе дыханнем, толькі будзь, жыві, гавары…”. Гэта і пра іх, маіх герояў.
Ірына БУДЗЬКО
Калі рыхтавала гэты матэрыял, у рэдакцыю пазваніла жыхарка вёскі Куляшы Куранецкага сельсавета Вера Іванаўна Герко.
– Хачу, каб на старонках газеты напісалі цёплыя словы пра нашага старшыню, – сказала яна. – Гэта вялікай душы чалавек, клапатлівы і добразычлівы. Ніколі не адмовіць чалавеку, заўсёды дапаможа ў любой справе.
Думаю, атрымалася дастойнае завяршэнне майго матэрыяла.

Виктор Васильевич и Татьяна Францевна Улицкие

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries