Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

За плячыма Уладзіміра Грачаніка больш за 30 год працоўнага стажу у Вілейскім доследным лясгасе

За плячыма Уладзіміра Грачаніка больш за 30 год працоўнага стажу у Вілейскім доследным лясгасе і ўжо шэсць дзясяткаў год – жыццёвага.

Віншаванні з гэтай нагоды ад калег і родных юбіляр прымаў у мінулую пятніцу, 17 красавіка. Людзі, якія ведаюць Уладзіміра Уладзіміравіча нямала гадоў, узгадвалі яго чалавечыя і прафесійныя якасці, уклад у развіццё лясной гаспадаркі, адрасавалі цёплыя словы пажаданняў.

У пэўным узросце чалавек пачынае рабіць «рэвізію» таго, што адбылося з ім за пройдзены шлях. Юбілей – якраз тая нагода, каб раскласці «па палічках» успаміны, якіх назбіралася багата. Падзякаваць у думках тым людзям, якія сустрэліся ў жыцці: адным – за своечасовую дапамогу, другім – за добрую навуку. Нарэшце, іншым позіркам паглядзець на сваіх родных, штодзённы клопат і ўвага якіх здаюцца такімі непрыкметнымі, але патрэбнымі, нібы глыток паветра…

Маленькая радзіма Уладзіміра Грачаніка – вёска Зацемень. Іх, дзяцей, у бацькоў было дзевяць – пяць братоў і чатыры сястры. І нікога ў той час гэта не здзіўляла, успамінае Уладзімір Уладзіміравіч, шмат у каго былі вялікія сем’і. Раслі дружна, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, у Мацькаўскую дзесяцігодку, да якой ад дома было сем кіламетраў, у розную пару года дабіраліся не на аўтобусе – пешшу. Прайшлі гады. Усе выраслі, вывучыліся, знайшлі сваё месца ў жыцці, рэалізавалі сябе ў прафесіі. Для яго ж словы «лёс» і «лес» сталі вызначальнымі. Пасля заканчэння школы працаваў механізатарам у саўгасе “Стайкі”. З 1979 па 1981 год служыў у арміі – на Валагодчыне, пад Чарапаўцом. Вярнуўшыся дадому, па парадзе ляснічага Старынкаўскага лясніцтва Міхаіла Клемантовіча пайшоў на прыём да тагачаснага дырэктара лясгаса Мікалая Шчаснага, каб уладкавацца на працу. Вопытны кіраўнік адзначыў адразу, што гэты малады чалавек працаваць будзе. Яго адразу накіравалі на вучобу – на лесніка Уладзімір Грачанік вучыўся ў Барысаве. Пасля паступіў у Полацкі тэхнікум, але яго не скончыў – асабістае жыццё ўнесла свае карэктывы. У вёсцы Камары, дзе маладому лесніку лясгас дапамог з жыллём, адбылося знаёмства з будучай жонкай. Ажаніліся і тут пачалі жыць. Працавалі, трымалі гаспадарку. З Наталляй Аляксандраўнай яны вырасцілі сына і дачку, сталі ўжо бабуляй і дзядулем. Дачка Наталля скончыла медыцынскі інстытут, а сын Павел, як і бацька, сёння працуе ў лясной гаспадарцы – егерам у паляўнічай гаспадарцы Вілейскага лясгаса. Значыць, нездарма сумесныя вандроўкі ў лес былі лепшым сямейным адпачынкам. Гэтыя дарагія сэрцу моманты трапілі ў аб’ектыў фотаапарата і сталі сямейным архівам Грачанікаў.

…Пасля вучобы ў Барысаве на адпрацоўку Уладзіміра Грачаніка накіравалі ў Вілейскае доследна-прамысловае лясніцтва. Яго настаўнікамі сталі Лідзія Рыгораўна Мархель, якая працавала на пасадзе ляснічага, і яе памочнік Мікалай Мікалаевіч Скулавец, які пазней і ўзначаліў лясніцтва. З вялікай удзячнасцю называе імя Мікалая Скулаўца мой суразмоўца сёння, памятаючы яго і жыццёвую, і прафесійную навуку.

Вось так і стаў яго працоўным лёсам шумлівы і гаючы лес – гасцінны дом для жывёл і птушак, прыродная скарбніца – для людзей. А для іх, леснікоў, – зона пільнай адказнасці і аб’ект няспыннага клопату. Ад Вілейкі да Нарачанкі-рэчкі – такі ўчастак тады дастаўся Уладзіміру Грачаніку. Ён памятае, як нарыхтоўвалі ў той час лес уручную, без дапамогі спецыяльных машын, а вазілі яго на конях. Як супрацьстаялі самавольным парубкам. Як быў сведкам таго, як аднойчы, каб спыніць вялікі лясны пажар, насустрач пускалі яшчэ адзін.

… Нібы нябачную кнігу, напісанную самім жыццём, разам з Уладзімірам Грачанікам гарталі старонкі яго ўспамінаў. То радасцю загараліся вочы майго суразмоўцы, то іскаркай гумару, то ледзь прыкметным сумам, нехарактэрным для гэтага пазітыўнага чалавека – ад пытання, што адчувае ляснік, калі бачыць, як пасаджаныя ім некалі дрэвы ўжо выраслі пад самыя аблокі. Лес, вечны і гаючы, стаў не проста месцам працы, а часціцай яго жыцця.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries