Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ігар Максімовіч працуе і клапоціцца на карысць сваёй роднай вёскі Сасноўшчына…

Дзеля гэтага, упэўнены стараста гэтай вёскі Ігар Максімовіч, трэба працаваць і пра гэта клапаціцца

Галоўным чалавекам на вёсцы асабіста я заўсёды лічу старасту. Не таго, хто такім лічыцца толькі на паперы, а таго, хто жыве інтарэсамі і запатрабаваннямі сваіх землякоў
і клопатам пра малую радзіму. Менавіта да такіх адносіцца стараста вёскі Сасноўшчына Даўгінаўскага сельсавета Ігар Максімовіч.

Дружная сям’я Максімовічаў (Ігар Раманавіч і Валянціна Казіміраўна ў цэнтры)

Як і многія маладыя вяскоўцы, Ігар у свой час паспрабаваў, як кажуць, гарадскога хлеба і некалькі гадоў пражыў у Маладзечне. Ды гэта, прызнаецца цяпер, былі не лепшыя гады яго жыцця. Яму, вясковаму хлопцу, вельмі цяжка было прывыкаць да гарадскога ўкладу жыцця, усё цягнула дамоў, дзе ўсё такое роднае і да болю знаёмае. З часам гэта цяга станавілася ўсё мацнейшай, і ўрэшце галоўны выбар свайго жыцця Ігар зрабіў.

– Як толькі прыехалі ў вёску, пачалі будаваць свой дом, – расказвае Ігар Раманавіч. – Побач з бацькоўскім, у нас і двор агульны. У пачатку дзевяностых ўжо і ўсяліліся.

У адрозненне ад тых, хто лічыць, што трэба жыць як мага далей ад бацькоў (маўляў, любяць яны ўмешвацца ў жыццё дзяцей, папраўляць), Ігар Максімовіч прытрымліваецца іншага меркавання: родныя павінны дапамагаць адно аднаму, клапаціцца пра тых, каму цяжэй. Вось і яго бацькам, якім цяпер за восемдзясят, патрэбны дапамога і клопат. І ўсё гэта яны адчуваюць ад дзяцей і ўнукаў.

– Праўда, ніяк не могуць і цяпер без справы, – з любоўю гаворыць пра бацькоў сын. – Іншы раз бачу, як мама ідзе па ваду, забяру ў яе вядро і сам прынясу. А яна тады аж зазлуецца, маўляў, не такая я ўжо нямоглая, што не даеш мне нічога рабіць. Тады ўжо, кажу ёй, даглядай курэй, гэта якраз па тваёй сіле. Сам жа разумею, што людзям, якія ўсё жыццё працавалі, вельмі важна адчуваць сябе патрэбнымі, гаспадарамі.

З любоўю і клопатам расказвае Ігар Раманавіч пра сваю сям’ю. А яна ў іх з Валянцінай Казіміраўнай не маленькая: дочкі Таццяна і Кацярына, сыны Вячаслаў і Мацвей, унукі Цімафей, Сафія ды Юліяна. І сваіх дваіх пляменнікаў, Станіслава і Маргарыту, у якіх рана пайшоў з жыцця бацька, Максімовічы лічылі і лічаць роднымі і заўсёды пра іх клапоцяцца. «Памятаю, калі дзеці былі яшчэ невялікімі, дык наш сын аж крыўдаваў, маўляў, болей любіш не мяне, а пляменніка, – прыгадвае Ігар Раманавіч. – А ўжо пазней, канешне ж, зразумеў, што стараўся я быць і сестрыным дзеткам за бацьку, якога ў іх рана не стала».
Кожныя выхадныя, і асабліва ўлетку, на вялікім падворку Максімовічаў людна і весела. Збіраюцца ўсе дзеці, унукі. Малым ёсць дзе разгуляцца – дзядуля пабудаваў для іх казачную маленькую хатку, павесіў арэлі, тарзанку ды каруселі. «Для іх паехаць з вёскі ў горад – сапраўднае пакаранне, – смяецца Ігар Раманавіч. – Тут вельмі любяць бываць. Збяромся ўсёй сям’ёй – вось і застолле ў чатырнаццаць чалавек. Гэта пакуль, бо сямейкі ж прырастае… Балазе, дом немалы і кухня таксама – усім месца хапае. Вялікай сям’ёй і працаваць добра, і адпачываць весела».

Клапатлівы сын, муж, бацька і дзядуля – гэта пра яго, пра Ігара Максімовіча. А яшчэ ён гэтакі ж уважлівы і клапатлівы аднавясковец, для якога вельмі важна, якой будзе яго маленькая радзіма і наколькі камфортна тут будуць жыць людзі. Таму, напэўна, менавіта яму ў свой час і даверылі людзі быць старастам. І ён не адмовіўся, бо, у прынцыпе, клопатам пра родную Сасноўшчыну жыў заўсёды. З гонарам расказвае Ігар Раманавіч пра тое, як яны, вяскоўцы, у свой час адрамантавалі сельскі клуб, які разбураўся. «Мы агульнымі сіламі яго аднавілі, – расказвае мой суразмоўца. – Хто вокны шкліў, хто дошкі нёс ды рамантаваў падлогу, хто мяняў праводку… Адным словам, зрабілі будынак такім, які нам патрэбен.

Цяпер любую бяседу – вясёлую ці сумную – у нас ёсць дзе справіць, на любое свята ёсць дзе сабрацца. Тут у нас і тэлевізар, і «відзік», і посуд – усё, што патрэбна. Сочым за парадкам самі, а ключы ад клуба ў мяне».

Да вясковага старасты, як і належыць, звяртаюцца з самымі рознымі праблемамі. Ёсць пытанне па асвятленні вуліцы ці, напрыклад, па абкошванні нейкага падворка – звоняць Ігару Раманавічу, з’явілася патрэба некага паўшчуваць – таксама да яго. Ну, а ён ужо сам ведае, каго трэба «падключыць», каб вырашыць праблему. Цесную сувязь трымае стараста са старшынёй сельсавета Аляксандрам Маліноўскім, якога, аднак, стараецца не турбаваць па дробязях, бо ведае, што ў старшыні клопатаў заўсёды хапае.

– Нярэдка звяртаюцца аднавяскоўцы з просьбамі адвезці кагосьці да ўрача, прывезці нейкія грузы – дапамагаю, – дзеліцца Ігар Раманавіч. – Чыста па-чалавечы, а не як стараста, бо свае ж людзі.

Пятнаццаць гадоў ён працуе на ўчастку «Жары» Вілейскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва». Жыхароў Даўгінаўскага і Касцяневіцкага сельсаветаў забяспечвае дрывамі гэты ўчастак, на якім Ігар Раманавіч, як сам кажа, «і за майстра, і за трактарыста, і за касіра». А яшчэ дадае, што, напэўна, у кожных вясковых бабуляў і дзядуляў, што жывуць на тэрыторыі названых сельсаветаў, на сцяне запісаны нумар яго тэлефона, каб у любы момант пазваніць і быць упэўненымі, што без ацяплення не застануцца.

Чалавек на сваім месцы. Гэта і пра героя маёй публікацыі. Працавіты, клапатлівы, нераўнадушны, лёгкі на пад’ём – такім, напэўна, і павінен быць вясковы стараста. Сумленная праца і актыўная жыццёвая пазіцыя Ігара Максімовіча шматразова адзначаліся і заахвочваліся. Ды не дзеля грамат і падарункаў, прызнаўся ён, працуе. Галоўнае, каб поўнілася людскімі галасамі і дзіцячым смехам, цешыла вока дагледжанасцю і парадкам родная Сасноўшчына і каб камфортна жылося тут яго родным і аднавяскоўцам.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома МАКСІМОВІЧАЎ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries