Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Самавучка «кулібін» з Касцяневічаў

Гэтыя сакавіцкія дні клопатныя для вяскоўцаў – вясна прыспешвае, штодня, што называецца, выпісваючы нарад на неадкладныя работы. Дбайным гаспадарам цяпер не спіцца, таму і ўстаюць раненька, каб паспець зрабіць намечанае. Вось і героі гэтага матэрыяла – Марына і Раман Герко з Касцяневічаў – жывуць зараз веснавымі клопатамі.

Дагледжаная сядзіба Герко, на якую звяртаеш увагу, праязджаючы па вуліцы, яскрава сведчыць, што тут жывуць працавітыя і гаспадарлівыя людзі.

– Гэты дом мы купілі недзе праз пару год, як пажаніліся, – расказвае Марына Казіміраўна. – І ўсе гады, колькі жывём, нешта рамантуем ды падладжваем. Уцяплілі яго, памянялі дзверы ды вокны, падвялі ваду ў хату, перарабілі пліту ў прыбудове, папрацавалі над ацяпленнем… І ўсё гэта зроблена рукамі мужа, які ў нас можа практычна ўсё. Хоць у многіх справах і самавучка…

– Галоўнае – жаданне, а навучацца можна ўсяму, – з веданнем справы зазначае на гэта Раман Іосіфавіч. – Мне ўсё цікава, усё хочацца зрабіць самому, з душой. Бо для сваёй жа сям’і, для сваіх родных людзей… Свой першы трактар сабраў у канцы васьмідзясятых і памятаю, як рады быў гэтаму бацька. Цяпер ужо і дапамога ёсць – шаснаццацігадовы сын Жэня, з якім разам усё робім. А ўжо што цікавіцца хлопец тэхнікай! Як толькі вольная хвілінка – у гараж…

На гэта Марына Казіміраўна толькі ўсміхаецца, а ўжо пасля зазначае: «Дык жа ёсць у каго такім быць хлопцу». І з гонарам расказвае пра мужа, свайго «кулібіна», як называе яго вобразна. Сваімі рукамі Раман Іосіфавіч калісьці сабраў трактарчык, пасля – другі. У свой час цесць падарыў яму матаблок, дык гаспадарлівы зяць перарабіў яго ў міні-трактар. Патрэбная ў гаспадарцы рэч, то сена трэба прывезці, то дровы. І задумак зрабіць сваімі рукамі патрэбныя ў гаспадарцы рэчы ў дбайнага гаспадара мноства.

– Працуе, стараецца наш гаспадар, – дзеліцца жанчына, – хоць у самога здароўе падводзіць, у яго другая група інваліднасці. Другі б, магчыма, сядзеў у хаце ды скардзіўся на лёс, а Раман не з такіх, ён – усё для сям’і, для дзяцей.

Хапае працы ў гаспадароў і з жыўнасцю, якую трымаюць на падворку. Ёсць у іх карова, свінні, куры, а сёлета вырашылі гадаваць і цялушку, каб з часам мець і яшчэ адну карову. Няхай сабе і клопатаў з рагулькамі нямала (што значыць толькі нарыхтаваць ім кармоў на зіму), аднак і грошы за здадзенае малако зусім не лішнія ў сямейным бюджэце.

Падрастаюць дзеці, хутка пойдуць вучыцца, таму бацькам большыя сродкі спатрэбяцца.
Ад спраў дамашніх перайшлі да вытворчых. Ужо дзесяць гадоў, як Марына Казіміраўна працуе паштальёнам ерхаўскага аддзялення сувязі. Штодня дастаўляе яна карэспандэнцыю і розны спадарожны тавар жыхарам пяці вёсак: Ерхі, Валоські, Гутараўшчына, Касцяневічы і Заблошчына. Калі ахарактарызаваць яе участак лічбамі, то ён складае 14 кіламетраў.

Пехатою, вядома, пераадольваць гэту адлегласць цяжкавата (хоць здараецца і такое), таму жанчына заўсёды ездзіць на веласіпедзе. Зручна, на ім не толькі карэспандэнцыю, але і тавар людзям дастаўляць прасцей. А заказваюць прывезці самае рознае – ад пакетаў цукру да дзесяцікілаграмовых мяшкоў камбікорму. Таму без двухколавай тэхнікі проста аніяк.

Загаварылі пра тое, што асабіста мяне вельмі цікавіць – пра падпіску. Не так проста, прызналася Марына Казіміраўна, выконваць даведзеныя планы, тут трэба ўмець размаўляць з людзьмі, тлумачыць, што без газеты сучаснаму чалавеку, напэўна, сумавата. Ды і навіны Вілейшчыны адкуль даведаешся, калі не з «раёнкі»? Маладзейшыя людзі спасылаюцца на інтэрнэт, маўляў, там прачытаеш і паглядзіш усё, у тым ліку і раённую газету ў электронным фармаце. Вось і Раман Іосіфавіч, дадала жанчына, таксама сябруе з інтэрнэтам, ведае ўсё, што адбываецца ў свеце. Аднак і ад друкаванай газеты ў сям’і Герко не адмаўляюцца, бо за многія гады прывыклі яе чытаць. А для Марыны Казіміраўны пах друкарскай фарбы, кожны свежы нумар у руках – нешта адметнае, сваё, можна сказаць, прафесіянальнае…

Цёплыя, давяральна-клапатлівыя адносіны пануюць у сям’і – гэта бачна і па тым, з якой пашанай гавораць муж і жонка адно пра аднаго і пра сваіх дзетак, і па тым, як яны стараюцца зрабіць сваім родным нешта прыемнае. «28 лютага ў мяне быў дзень нараджэння, – прыгадала Марына Казіміраўна. – Звычайны дзень, не юбілейная дата. Але ж Раман не забыўся павіншаваць, а калі быў у горадзе, дык яшчэ і торцік мне прывёз…»

У сваім вядомым рамане Леў Талстой напісаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя адна на другую, а кожная нешчаслівая – нешчаслівая па-свойму. Кожны раз, сустракаючыся з людзьмі, пераконваюся ў правільнасці гэтых слоў. Так, шчаслівыя сем’і вельмі падобныя. Чым? Дабрынёй, клопатам, вялікай любоўю, адказнасцю адно за аднаго, працавітасцю – усімі тымі якасцямі, якія ўпрыгожваюць, робяць людзей людзьмі.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries