Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны журналістыкі!
Віншую калектыў рэдакцыі, а таксама заслужаных ветэранаў выдання з 75-годдзем з дня выхаду яго першага нумара.
Ваша газета ўбачыла свет у першыя дні вясны пераможнага 1945 года. Пасля выгнання фашысцкіх акупантаў і ў цяжкі пасляваенны час яна называлася «За Савецкую радзіму», а з 1962 года – «Шлях перамогі». Гэта вельмі сімвалічныя баявітыя назвы. Дарэчы, першым рэдактарам выдання быў былы партызан, камісар аднаго з атрадаў партызанскай брыгады імя Даватара Павел Мазуронак.
Разам з землякамі газета прайшла слаўны працоўны шлях, асвятляючы на сваіх старонках росквіт Вілейшчыны, мае слаўную гісторыю, традыцыі, свой стыль.
На яе старонках заўсёды ўзнімаліся найбольш вострыя праблемы і актуальныя тэмы, што хвалююць віляйчан. Нездарма ў газеты дзясяткі пазаштатных аўтараў, добрая сувязь з чытачамі. Дзякуючы сумеснай творчасці выданне з кожным годам становіцца ўсё больш жывым і цікавым.
Сённяшні «Шлях перамогі» – карыснае і змястоўнае мясцовае выданне. Праблемы эканомікі, павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адукацыі, аховы здароўя, патрыятычнага выхавання, папулярызацыя сямейных каштоўнасцей, беражлівых адносін да зямлі разглядаюцца ўдумліва, з любоўю да роднага краю, яго жыхароў.
Дзякуй вам за нястомную працу, за праўдзівае і своечасовае асвятленне жыцця рэгіёна, суайчыннікаў. Упэўнены, што і надалей вы будзеце разам ісці ў нагу з часам, застаючыся патрыётамі сваёй малой радзімы, нашай Айчыны.
Жадаю вам новых творчых дасягненняў, добрага здароўя, дабрабыту, нязменнай адданасці чытачоў.
Аляксандр Карлюкевіч