Не абышлі сваёй увагай міжнародны Дзень роднай мовы актывісты ГА «БРСМ» – і правялі шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў. Так, у Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Ганны Новік адбыўся адкрыты дыялог пад дэвізам «Родная мова – модная мова».
І сапраўды, у тым, што беларуская мова – модная мова, пераканаліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Вершы і песні, казкі і аповесці, байкі і раманы – вялікую творчую спадчыну пакінулі нам паэты і пісьменнікі мінулага, а новымі літаратурнымі здабыткамі папаўняюць гэту скарбонку нашай культуры сучасныя творцы.
Пра творы землякоў расказала ўдзельнікам сустрэчы Людміла Тонкавіч – загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі. Першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Анастасія Чарняўская расказала пра праект «Беларусь – крыніца натхнення», які рэалізуе самая вялікая моладзевая арганізацыя нашай краіны.
Падчас сустрэчы па-беларуску размаўлялі, чыталі вершы, а ў фінале кожны на аркушы паперы напісаў свае любімыя словы на роднай мове. Мерапрыемства атрымалася па-сяброўску цёплым – і па-беларуску мілагучным.
Таццяна ШАРШНЁВА/Фота прадстаўлена Анастасіяй ЧАРНЯЎСКАЙ