Нельга не любіць нашу Вілейшчыну – яе краявіды, лясы, пагоркі, блакітныя стужкі рэк, бліскучае люстэрка вадасховішча, якое нібы вялікае сэрца нашага раёну. Так, няма ў нас такіх велічных замкаў як у Міры, Нясвіжы ці Лідзе, але мы з гонарам можам паказаць храмы – іх у Вілейскім раёне многа. Тое, што яны не былі знішчаны ў савецкі час, тады, калі навязваўся атэізм, заслуга апантаных настаяцеляў і тых людзей, якія не здрадзілі сабе і сваёй веры. Зараз мы нават не задумваемся над тым, што прыйшлося перажыць людзям, каб захаваць храмы для нашчадкаў. Шчырае ім за гэта дзякуй!
Сёння таксама ёсць многа людзей, якія неабыякава ставяцца да сваёй малой радзімы. Вельмі хочацца каб кожны жыхар нашага раёна зразумеў, што ён – частка Вілейшчыны, што ад яго дзеянняў, паступкаў сёння залежыць тое, якой Вілейшчыны будзе заўтра, праз год, дзесяцігоддзе. Хочацца, каб нашы нашчадкі з гонарам маглі сказаць, што яны нарадзіліся на Вілейшчыне – у адным з лепшым куточкаў Беларусі, а можа нават (марыць ніхто не забараняе) і ўсяго свету.
Як сказаў М.Горкі, хто не ведае мінулага, той не зможа зразумець сапраўдны сэнс сучаснага і мэты будучага. На жаль, многія старонкі гісторыі для нас застаюцца малавядомымі. Нямнога мы ведаем пра тых, хто на пачатку мінулага стагоддзя ствараў каларыт Вілейшчыны. Багдановічы, Ходзькі, Козел-Паклеўскія і іншыя – ад гэтых людзей ў свой час залежала многае. Адносіцца да іх можна па-рознаму, але ведаць пра іх мы павінны. А што мы ведаем? Хто яны? Дзе жылі? Што зрабілі? Дзе знаходзяцца іх маёнткі, сядзібы, паркі? Што ад іх уладанняў засталося сёння? Можа, яшчэ ёсць сведкі таго часу, якія могуць штосьці расказаць?
Стаць даследчыкам і паспрабаваць знайсці адказы на гэтыя пытанні прапануюць Вілейскі раённы адукацыйна-інтэлектуальны цэнтр і аддзел па рабоце з моладдзю Вілейскага выканаўчага камітэта. З гэтай мэтай у красавіку–кастрычніку бягучага года праводзіцца трэці маладзёжны Марафон Вілейшчыны на тэму “Паркава-сядзібныя комплексы і сядзібы Вілейшчыны: мінулае, сучаснае, будучае”. Да ўдзелу ў марафоне запрашаюцца вучні агульнаадукацыйных школ, гімназій, навучэнцы каледжаў, ліцэяў, устаноў пазашкольнага выхавання і навучання, моладзь Вілейшчыны.
Асноўныя задачы марафона: развіццё творчай актыўнасці школьнікаў і моладзі; пошук і сістэматызацыя звестак аб паркава-сядзібных комплексах, сядзібах Вілейшчыны у тым ліку і тых, што сёння не выкарыстоўваюцца; вывучэнне гісторыі, сучаснага стану і магчымасцей выкарыстання сядзіб, ролі гістарычных асоб і сучаснікаў, якія маюць дачыненне да вышэй названых аб’ектаў; распрацоўка турысцка-краязнаўчых маршрутаў па сядзібам Вілейшчыны; стварэнне электроннай базы даных паркава-сядзібных комплексаў, сядзіб Вілейшчыны з мэтай размяшчэння на сайце Вілейскага раённага выканаўчага камітэту і забеспячэння свабоднага доступу да яе праз сетку Інтернэт; выпуск буклетаў, якія дазволяць любому жадаючаму даведацца больш пра паркава-сядзібныя комплексы, сядзібы Вілейшчыны, што паспрыяе фарміраванню прывабнага брэнду раёна ў цэлым.
Згодна з умовамі марафона прадстаўляюцца індывідуальныя і калектыўныя работы (да трох удзельнікаў) у наступных намінацыях:
– “Нататкі юнага журналіста” (тэрмін правядзення красавік – чэрвень). Лепшыя работы будуць надрукаваны на старонках раённай газеты “Шлях перамогі”.
– “Мультымедыйная прэзентацыя” (красавік – верасень).
– “Канферэнцыя навукова-даследчых і праектных работ” (красавік – кастрычнік).
Прыняць удзел можна як у адной, так і некалькіх намінацыях. Галоўнае – прытрымлівацца тэмы і задач Марафона.
Пераможцы і прызёры ў кожнай намінацыі будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі.
Падрабязней з умовамі правядзення “Маладзёжнага марафона Вілейшчыны – 2011 можна азнаёміцца на афіцыйным сайце раённага выканаўчага камітэту і ў раённым адукацыйна-інтэлектуальным цэнтры па тэлефоне 5-57-63.
Запрашаем да ўдзелу ўсіх жадаючых!
Вольга ШОСТАК, выконваючы абавязкі дырэктара Вілейскага раённага адукацыйна-інтэлектуальнага цэнтра
Маладзёжны марафон Вілейшчыны
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







