Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Навядзенне парадку на зямлі і ўсё, што з гэтым звязана

Навядзенне парадку на зямлі і ўсё, што з гэтым звязана, – так акрэсліў тэму нашай актуальнай размовы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Сталыга. У ёй удзельнічалі таксама начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Галіна Кажарновіч і аўтар гэтай публікацыі.

Вонкавы выгляд асяроддзя і яго камфорт – узаемадапаўняючыя адно аднаго паняцці. Праўда, расстаўляючы акцэнты, Аляксандр Анатольевіч зазначыў, што яго найперш хвалюе функцыянальнасць жыллёва-камунальных сістэм соцыума, а яго калегу – іх эстэтычная адметнасць. Размежаваць паняцці ў ходзе гутаркі ніхто не імкнуўся, таму што толькі іх удалае спалучэнне вызначае камфорт нашага самаадчування і разумную мэтазгоднасць таго, што здзяйсняецца ў гэтым напрамку мясцовай уладаю.
Александр СталыгоАляксандр Сталыга:
– Насельнікі кожнай асобна ўзятай мясцовасці маюць свой менталітэт. Мне давялося нейкі час жыць у Валожыне, Мядзелі. Для жыхароў першага рэгіёна характэрны нейкая грунтоўнасць, карэннасць. Яны больш кансерватыўныя, менш падвержаны пераменам часу. Мядзельцы, з іх памяркоўнасцю і талерантнасцю, – класічныя беларусы. Вілейка – гэта сваё. Вілейчане – мае землякі. Бо тут я нарадзіўся і вырас. Маргінальнасць, у лепшым сэнсе слова, – рыса нашага характару. У свой час на яго фарміраванне аказаў уплыў завод «Зеніт», некалі горадаўтвараючае прадпрыемства. З яго ўзвядзеннем горад запаланіла тэхнічная інтэлігенцыя, якая станоўча паўплывала на рост агульнай культуры насельніцтва. У стане працяглага пераходу ад вясковасці да ўрбанізаванага ладу жыцця яно зараз і знаходзіцца. Імкненне да цывілізаванасці варта падтрымкі, яго трэба развіваць і ўсямерна падтрымліваць. Пераход да культуры вялікага горада – сёння гэта нас вызначае. І гэта тая акалічнасць, якую ўлічвае ва ўсіх сваіх планах і рашэннях мясцовая ўлада.
Карэспандэнт:
– Філасофскую канцэпцыю, якую Вы так грунтоўна падвялі да зададзенай напачатку тэмы, давайце супаставім з існуючымі рэаліямі Вілейкі.
Аляксандр Сталыга:
– У кантэксце вышэйсказанага, хачу засяродзіцца на развіцці цэнтра горада і праблемах, з якімі мы пастаянна сутыкаемся. Вуліца Вадап’янава. Дзве двухпавярхоўкі за будынкам былога КБА. І двары, што да іх прымыкаюць. Жыхарам дома № 25 належаць дзевяць хлявоў і адзін вялікі склеп. У суседнім доме (№ 27) людзі лічаць сябе ўласнікамі чатырнаццаці хлявоў. Вось якая «інфраструктура» разгорнута за колькі дзесяткаў метраў ад цэнтральнай плошчы. Між тым, каля ўніверсама няма месца для аўтапаркоўкі. Відавочна, мірыцца з такой уражваючай «маштабнасцю» мы не можам. Тым больш, што аналагічнае становішча і з домам па Партызанскай, 42, размешчаным у прамежку паміж адміністрацыйнымі будынкамі. Тут на 12 кватэр – 18 гаспадарчых пабудоў. Магчыма, некалі яны ўзводзіліся як падсобкі для складзіравання брыкету, дроў. Але сёння ўсе вышэйназваныя жылыя дамы падключаны пад цэнтральнае ацяпленне і іншыя камунікацыі. Нікому ж у голаў не прыйдзе ўзвесці хлеў у раёне вуліцы Незалежнасці. Безумоўна, сітуацыю давядзецца карэкціраваць.
Галина КожерновичГаліна Кажарновіч:
– Генпланам прадугледжана злучыць два будынкі, абмяжоўваючыя гэты жылы дом па Партызанскай, у адзін адміністрацыйны цэнтр. Ёсць нават на гэты конт эскізны праект. Але нават, калі такую ідэю не ўдасца рэалізаваць, ніякіх гаспадарчых пабудоў у двары не павінна быць. Будзе здзейснена якаснае добраўпарадкаванне: зручныя пад’езды, дзіцячыя пляцоўкі, лаўкі, альтанкі….
А калі працягваць тэму пра паркоўку ў гэтым раёне, то ўжо шмат нараканняў наконт нагрувашчвання тэхнікі насупраць усім вядомага «Паруса». А сітуацыя стане яшчэ больш напружанай, калі пачне працаваць аптэка, якая размесціцца ў будынку былога медвыцвярэзніку. Рыхтуецца праект яго рэканструкцыі. Дарэчы, вельмі цікавы. Думаецца, уласнікі размешчаных побач гаспадарчых пабудоў нас зразумеюць. Сёння не праблема пабудаваць капітальны гараж, а не прыстасоўваць пад яго хлеў, часова скіданы з падручнага матэрыялу. Без усялякага на тое дазволу і пры адсутнасці ўсіх нарматыўных дакументаў. Урэшце, падсобныя збудаванні закон забараняе ўзводзіць на месцах агульнага карыстання.
Аляксандр Сталыга:
– Як я, напрыклад, разумею функцыянальнасць горада? У чым яна? З належным пакрыццём вуліцы, тратуары. Адпаведная сістэма ліўневых каналізацый. Гараджане, напэўна, пераканаліся, што ёсць у нас добрыя зрухі па тратуарах. Як толькі з’явіцца капейка ў бюджэце, мы тут жа яе ўкладваем у іх добраўпаракаванне.
А калі гаварыць аб найбольш актуальных і глабальных праблемах горада, то адна з іх – пуцеправод цераз куранецкі пераезд, з транспартнымі развязкамі і выхадам на магістральныя аўтадарогі. Патрэба ў ім вострая. Вядзецца праектаванне. І, папярэджваючы пытанне аб пачатку работ, хачу сказаць, што пры сённяшнім узроўні фінансавання гэтых праектаў, будаўніцтва пуцеправода можна будзе распачаць у бліжэйшы час.
Галіна Кажарновіч:
– З размовы пра пуцеправод пачынаецца амаль кожная мая сустрэча з насельніцтвам. Аб’ект будзе зручны з практычнага пункту погляду і адначасова мець пэўную каштоўнасць як архітэктурнае збудаванне.
Карэспандэнт:
– Чытачоў, безумоўна, цікавіць перспектыва жыллёвага будаўніцтва ў Вілейцы. Якія прапановы архітэктура можа ў гэтым плане даць індывідуальным забудоўшчыкам?
Галіна Кажарновіч:
– Ёсць участкі ўздоўж рэспубліканскай трасы, што вядзе на Мядзел, побач з Порсай, а таксама паміж раёнам Воўкаўшчыны і Івонцавічамі, ва ўсіх трох «Паўночных» раёнах. Апошнія, дарэчы, папулярныя, у забудоўшчыкаў.
Аляксандр Сталыга:
– І не толькі мясцовых. Блізкасць водасховішча прыцягвае ўвагу і больш далёкіх патэнцыяльных забудоўшчыкаў. Снежкава, Бутрымава, Карвелі – тут таксама можна будавацца. Тым больш, што гэты кангламерат можа быць уключаны ў гарадскую мяжу. Плануецца там і адпаведная інфраструктура.
Нейкім чынам улада ў даўгу перад жыхарамі Макаўя і Воўкаўшчыны. Плануюцца падключэнне Макаўя да гарадской каналізацыі, дарога ўздоўж мікрараёна з выхадам на смаргонскую трасу і пад’ездам да жылых дамоў. У Воўкаўшчыне завяршаецца падвод вады на вуліцах Чарняхоўскага, Купалы, Коласа. Земляныя работы ствараюць пэўны дыскаморт. Завершыцца падключэнне – правядзём добраўпарадкаванне.
Карэспандэнт:
– Што размесціцца на месцы былой музычнай школы? Стары будынак раскінуты. Месца вызваляецца для новай забудовы….
Галіна Кажарновіч:
– Думалі ўзвесці там новы будынак упраўлення капітальнага будаўніцтва. Але для яго знойдзены іншы варыянт. УКБ прапанавана заняцца рэканструкцыяй былога каўбаснага цэха раённага спажывецкага таварыства. А ўчастак, лёсам якога Вы цікавіцеся, хутчэй за ўсё будзе выстаўлены на аўкцыён. У завяршэнне размовы пра каўбасны цэх і прылягаючую да яго тэрыторыю – гаражы кінатэатра адназначна зносяцца. Тым больш, што ён не мае ў іх патрэбу і здае ў арэнду.
Па генеральнаму плану развіцця горада тут не павінна быць такіх аб’ектаў, як станцыя тэхнічнага абслугоўвання, напрыклад. Гэта ненармальна для цэнтра.
Карэспандэнт:
– Наша размова вялася вакол перспектывы, аддаленай, больш блізкай, і неадкладных праблем гарадскога добра-ўпарадкавання. А калі падсумаваць зробленае: якія з найбольш значных планаў удалося рэалізаваць?
Аляксандр Сталыга:
– Пракладзена пешаходная сцежка з электраасвятленнем у напрамку Макаўя. Людзі не аднойчы ўздымалі гэта пытанне. Думаю, сёння яны задаволены. Вырашана праблема з водаправодам на вуліцы Стаханаўскай. Магістраль пракладзена. Ідзе падключэнне спажыўцоў. Умова: падключаны будзе той, у каго маецца ў наяўнасці септык – бетонная воданепранікальная выграбная яма.
Карэспандэнт:
– Вяскоўцы па паходжанню, многія віляйчане ствараюць вакол сябе звыклы сельскі каларыт. На нічыйных, як яны лічаць, месцах, наразаюць баразёнкі, ладзяць гародчыкі. Як супадаюць іх дзеянні з поглядам тых, хто клапоціцца аб дызайне гарадскіх вуліц і двароў?
Галіна Кажарновіч:
– Усё павінна быць эстэтызавана. Калі плот «зваяны» з падабранага на звалках падручнага матэрыялу, пасля папярэдняга папярэджання, мы яго дэманціруем. Як чалавек – я людзей разумею, як архітэктар – не магу прыняць гэтыя іх саматужныя, дылетанцкія практыкаванні, што не столькі выгоду даюць, колькі псуюць выгляд горада.
Карэспандэнт:
– Праблема самачынных парковак. Як з імі змагацца? Жыхары ладзяць аўтастаянкі ва ўласных дварах…
Аляксандр Сталыга:
– На газонах стаянкі забаронены – гэта па заканадаўству. Увогуле ж сёння мы выпраўляем памылкі тых праектантаў, (правільней будзе, іх недальнабачнасць), якія не ўлічвалі перспектыву развіцця. Сёння амаль кожная сям’я мае аўтамабіль. Таму метад «забараніць» нельга прымяняць адназначна. Клапоцімся аб стварэнні новых парковачных месцаў там, дзе вядзецца новае будаўніцтва. Расшыраем праезды, прыстасоўваем двары ў «старых» раёнах. Крыніцы фінансавання не вельмі значныя. Але праграма «Двор», якая была прынята два гады таму, спакваля выконваецца.
Міліцыя, у сваю чаргу, прапануе радыкальную меру: абсталяваць штрафную аўтастаянку і набыць эвакуатар. Мера слушная. Але чалавеку павінна быць дадзена права выбару і магчымасць яго ажыццявіць. У адпаведнасці са сваім разуменнем, сваімі адносінамі да акаляючых праблем. Хочацца, каб яго выбар не супярэчыў агульнапрынятым нормам, у тым ліку, заканадаўчым. І гэта датычыць усяго, чым мы сёння вырашылі падзяліцца з чытачамі нашай паважанай газеты
Карэспандэнт:
– У сваю чаргу хачу выказаць пажаданне: няхай размова гэта будзе не апошняй. А калі вы, паважаныя чытачы, маеце наконт узнятых пытанняў і праблем свае меркаванні або хочаце паўдзельнічаць у дыскусіі, патэлефануйце ў рэдакцыю 5-52-63.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота Марыны ПУЦЭЙКА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 43 queries