Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ваенная тэма на газетных старонках

На працягу многіх гадоў пастаянным чытачом нашага выдання з’яўляецца Антаніна Гарчакова, вядомая на Вілейшчыне настаўніца, паэтэса, жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. На старонках «Шляху перамогі» не раз з’яўляліся і публікацыі пра яе, і публікацыі, напісаныя ёю. Антаніне Іванаўне ёсць чым падзяліцца з чытачамі, і яна не раз пісала пра сваё цяжкае дзяцінства (яна мае статус малалетняга вязня), пра пасляваеннае аднаўленне і пра высакародную настаўніцкую дзейнасць. Адной з першых звярнулася Антаніна Іванаўна ў рэдакцыю, даведаўшыся пра новую рубрыку да юбілею газеты.

– У мяне сабраны газетныя нумары і выразкі матэрыялаў, якія я беражліва захоўваю, – расказала наша чытачка. – Так атрымалася, што большасць публікацый – пра вайну, пра тое, што намі перажыта. Гэтыя два юбілеі – Вялікай Перамогі і нашай раёнкі – для мяне вельмі дарагія і цесна пераплеценыя між сабой.

Сярод архіўных газетных старонак, што захоўвае Антаніна Іванаўна, ёсць і копія газеты «За Совецкую Радзіму», папярэдніцы «Шляху перамогі», №5 ад 13 мая 1945 года, у якой паведамляецца ад падпісанні акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл. На гэтай жа старонцы змешчаны Указы аб аб’яўленні 9 Мая святам Перамогі і аб устанаўленні медаля «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941-45 г.г.» Гэта наша агульная гісторыя, перажытая і адпакутаваная нашым народам.

Вайной пазначаны лёс кожнага беларуса. Цяжка знайсці сям’ю, якую б не зачапіла яна сваім чорным крылом. Пра лёсы тых, хто ішоў тымі ваеннымі дарогамі, расказваецца ў многіх публікацыях раёнкі розных гадоў. У папцы, сабранай Антанінай Гарчаковай, ляжаць гэтыя лісткі, некаторыя з якіх пажаўцелі ад часу. У №49 ад 2 ліпеня 2010 года быў надрукаваны матэрыял пра гвардыі падпалкоўніка Міхаіла Львіцына «Жди меня – и я вернусь». Ён пабудаваны ў стылі эпісталярнага жанра і знаёміць чытача з гераічным чалавекам – Міхаілам Львіцыным, які вызваляў Вілейку, тут загінуў і пахаваны на могілках у Халапах – праз яго пісьмы да родных. Чытаеш і нібыта бачыш перад сабой гэтага незвычайнага чалавека – патрыёта, адважнага камандзіра, любячага мужа і бацьку….

«Седицы второй день рождения» – гэты матэрыял гісторыка Аляксандра Плавінскага пра гісторыю і жыхароў невялічкай вёсачкі і пра трагедыю простай сялянскай сям’і Мароз, якую ворагі расстралялі ў 1943 годзе, быў змешчаны ў №№ 26 і 27 за 2014 год. Фашысты расстралялі ў той дзень сыноў і дачку мясцовага жыхара Рыгора Мароза, але жах ад той трагедыі перажылі ўсе вяскоўцы…

«Здавалася б, пра вайну мы ведаем літаральна ўсё. Хоць наўрад ці магчыма гэта – ведаць усё-усё да драбніц. Таму не-не ды ўсплывуць іншы раз эпізоды тых страшных гадоў, пра якія раней і не чулі» – гэта ўжо журналісцкая прадмова да яшчэ адной публікацыі, змешчанай у №44 за 2014 год. «Трагедыя ў Тураўшчыне» – так называўся матэрыял пра сям’ю Абалевічаў з гэтай вёскі, якія ў гады вайны хавалі ад немцаў яўрэйскую дзяўчынку. Толькі вось выратаваць яе не ўдалося – фашысты расстралялі і дзяўчынку, і сям’ю-выратавальніцу. І сёння на могільніку ў Тураўшчыне ёсць магіла сям’і, дзе напісана, што ўсе яны па-зверску забіты ў 1943 годзе.

Сярод газетных выразак, сабраных Антанінай Гарчаковай, ёсць і матэрыял пра хлопца з вёскі Малькевічы Леаніда Малькевіча, які быў сувязным партызанскага атрада імя С. М. Будзённага і выконваў розныя небяспечныя заданні. Красавіцкім днём 1944-га ён быў схоплены эсэсаўцамі і паліцаямі, якія знайшлі ў яго міну, прадназначаную для падрыву штаба нямецкай дывізіі ў Куранцы. Хлопца доўга катавалі, а затым павесілі на бярозе ля дарогі, што вядзе з Вілейкі ў Куранец… У 1966 годзе на гэтым месцы пастаўлены помнік. «Калі б не было вайны…» – так называўся матэрыял пра бясстрашнага патрыёта, жыццё якога абарвалася на самым узлёце. Ён мог бы жыць, радавацца, кахаць, цешыцца дзецьмі і ўнукамі. Мог бы… Каб не тая страшная вайна.

Вялікая Перамога і выхад у свет першых нумароў нашай газеты. Нездарма гэтыя падзеі адбыліся практычна ў адзін час і цесна звязаны-пераплецены да сёння. Семдзясят пяць гадоў мінула з той далёкай вясны сорак пятага, а тэма Перамогі, за якую наш народ заплаціў велізарную цану, не сыходзіць са старонак газеты. Урэшце, і ў назве яе – Перамога.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries