Сёлета раёнка адзначае сваё 75-годдзе. Звычайна пад юбілей людзям хочацца ўзгадаць пройдзены шлях. Вось і я вырашыла, так бы мовіць, пагартаць старонкі сваёй біяграфіі, якая мае адносіны да выдання газеты «Шлях перамогі».
На працу ў друкарню я прыйшла пасля заканчэння школы ў 1970 годзе, і прымаў мяне на работу рэдактар газеты Шкаеў В. С., а кіраваў друкарняй вопытны, чулы чалавек Аляксееў П. П., прафесіянал з вялікай літары. Працавала спачатку ў наборным цэху, затым закончыла паліграфічны тэхнікум і была спачатку тэхнолагам, а потым майстрам у друкарні. Такім чынам, я не толькі маю ўяўленне пра вытворчасць газеты, але і ўдзельнічала ў ім. У 1986 годзе я пераехала з Вілейкі ў Паставы і там прадоўжыла работу ў друкарні.
Над кожным нумарам шчыравалі людзі, якія вельмі любілі сваю справу. Асабліва напружанымі былі дні выхаду раёнкі. Параўноўваючы з сучаснымі магчымасцямі камп’ютарнай тэхнікі, думаю: што за вялікае цярпенне было ў работніц, якія па некалькі разоў тудысюды насілі перад сабой цяжкія металічныя палосы (гранкі), каб выправіць памылкі, пазначаныя карэктарам рэдакцыі Жарыкавай А. А. пасля кожнай чыткі. Затое якой радасцю свяціліся іх твары назаўтра, калі ў аддрукаваным нумары не было ніякіх недарэчнасцяў і хібаў. Здаралася, што рабочы дзень зацягваўся да 19 гадзін, а то і пазней. Але ніхто не абураўся. Усе разумелі, што газета абавязкова павінна выйсці ў свет.
Стараліся Серпоў Фёдар Сяменавіч, Рогач Марыя, Кулінская Данута, Рогач Валянціна, Норка Мікалай, Беліцкая Паліна, Карыцька Галіна, Тапчаева Галіна, Гатоўка Міхаіл, Карыцька Аляксандр, Кляшняк Клаўдзія, Касцюк Кацярына, Мажэйка Генадзь, Нахтарміна Соф’я, Каўрус Алена. У той час працавалі Люда Яхімук, Ліля Шаюк, Валя Кійко, Ванда Цютчава. Можа, каго не ўзгадала, часу прайшло многа, няхай прабачаць мне. Гэтыя работнікі таксама мелі дачыненне да выпуску газеты, а вучыліся ўсе ў старэйшых паліграфістаў.
Прайшлі гады. Некаторых паліграфістаў, якіх называла, ужо няма на гэтым свеце. Але памяць пра іх жыве. Старонку за старонкай перагортваю кнігу нашага супрацоўніцтва і ў каторы раз пераконваюся, што агульная справа аб’ядноўвала паліграфістаў і журналістаў, фактычна мы жылі адным калектывам. Вядома, здараліся і рознагалоссі, спрэчкі, але гэта ніколі не прыводзіла да разладу – абавязкова знаходзілася паразуменне. Напэўна, таму, што ў аснове ўзаемаадносін былі адкрытасць, шчырасць, падтрымка.
Каларыту ў нашы стасункі дабаўлялі сумесныя сходы, суботнікі, паездкі на сельгасработы ў калгасы. Весела праходзілі прафесійныя і дзяржаўныя святы, пра што нагадваюць шматлікія фотаздымкі. Яны зараз як бальзам на сэрца. Як і ўспамін пра агульны для рэдакцыі і друкарні калідор, па якім хадзілі некалькі пакаленняў журналістаў і паліграфістаў, і ўнутраны дворык за друкарскімі дзвярыма, дзе фатаграфаваліся, жартавалі, удыхваючы водар яблынь.
Ужо некалькі гадоў я на пенсіі. Жыву ў Вілейцы, у бацькоўскім доме. З вялікім задавальненнем выпісваю газету «Шлях перамогі». Бачу ў ёй подых навізны: цікавыя рубрыкі, праекты, сучасны дызайн. Малайцы! Так трымаць!
З павагай, Тамара Васільеўна МАЖЭЙКА








