Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Людзі звяртаюцца ў рэдакцыю

Ад імя пенсіянераў вёскі Альковічы ў рэдакцыю звярнуўся Браніслаў Сцяпанавіч Шыман. Ён расказаў, што ў вёсцы часова закрыўся магазін. Дзе купляць нямоглым людзям усё неабходнае? У бліжэйшую вёску Мацькаўцы для пенсіянера – шлях няблізкі…
Як адказалі мне ў раённым спажывецкім таварыстве, прадавец альковіцкага магазіна захварэў (ад гэтага, згадзіцеся, ніхто не застрахаваны), вось і не працавала гандлёвая кропка. Але без неабходных прадуктаў людзі не засталіся – у вёску іх прывозіла аўталаўка.
Пенсіянераў з вёскі Стахі Сцешыцкага сельсавета хвалюе пытанне «сотак». Як расказалі пажылыя людзі, ім выдзелены непрыгодныя пад вырошчванне бульбы ўчасткі. Каб разабрацца ў сітуацыі, я звярнулася да старшыні Сцешыцкага сельсавета Уладзіміра Іванова.
– У гэтай сітуацыі ўжо разабраліся, – адзначыў Уладзімір Віктаравіч. – Участкі пад бульбу людзям выдзелены ў іншым месцы і больш ніякіх нараканняў не было.
Закончыць сённяшні агляд рэдакцыйнай пошты хочаца на прыемнай ноце. З вёскі Ерхі Касцяневіцкага сельсавета пазваніла Ірына Шупенька. Яна з удзячнасцю расказала пра старшыню мясцовага сельвыканкама Наталлю Шавялёву, дэпутата раённага Савета дэпутатаў.
– Гэта чалавек, які поўнасцю аддаецца працы, – лічыць Ірына Рыгораўна. – Наталля Леанідаўна столькі зрабіла для вяскоўцаў! Яна не на словах, а на самой справе жыве інтарэсамі людзей, з кожным знойдзе агульную мову, да кожнага дойдзе, ва ўсім разбярэцца і абавязкова дапаможа.
Заслуга мясцовага кіраўніцтва і ў тым, што добраўпарадкаваны могілкі ў Касцяневічах. Выразаны старыя дрэвы, пафарбаваны плот, усё прыбрана, дагледжана.
– Хочацца толькі падзякаваць ад вяскоўцаў і Наталлі Шавялёвай, і старшыні мясцовай гаспадаркі «Алая зара» Мікалаю Вайцяхоўскаму за чалавечныя адносіны да людзей, – закончыла  Ірына Шупенька. – Гэтыя людзі сапраўды на сваім месцы.
Часцей бы чуць такія словы ў адрас кіраўнікоў.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries