Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Іжскай бальніцы сястрынскага догляду адбылася святочная сустрэча

У Іжскай бальніцы сястрынскага догляду адбылася традыцыйная святочная сустрэча, якую арганізавала раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа і валанцёры.

Надзіва цёплая і па-сапраўднаму святочная сустрэча адбылася на стары Новы год у Іжскай бальніцы. Да нямоглых насельнікаў гэтай установы прыехалі іх жаданыя госці: старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях з валанцёрамі Зінаідай Крупскай, Аляксеем Камінскім і Іванам Валынцом, а таксама юныя валанцёры з сярэдняй школы №1, фальклорны гурт “Спадчына” (кіраўнік – Зоя Бабарыка), якія падарылі хворым людзям сапраўднае свята. Такія сустрэчы з вілейскім сябрамі сталі ў бальніцы традыцыйнымі, і заўсёды яны праходзяць у па-сямейнаму цёплай і добразычлівай атмасферы. На іх заўсёды знаходзіць час і старшыня Іжскага сельвыканкама Валянціна Навасёлак, становячыся актыўным удзельнікам святочнай дзеі. Віляйчане прывозяць насельнікам бальніцы салодкія падарункі, ладзяць для іх канцэрт, дорачы добры настрой і ўносячы яркія фарбы ў іх аднастайны быт.

Вось і ў гэты раз утульнае фае бальніцы на час сустрэчы ператварылася ў своеасаблівую канцэртную пляцоўку, дзе панавалі музыка, песні, танцы і шчырыя віншаванні. Не шкадавалі далоняў гледачы і, бачачы радасць у іх вачах, стараліся як мага лепш выступіць вілейскія артысты.

Як і належыць у гэтыя прыгожыя зімовыя святы, прысутных радавалі і весялілі калядныя персанажы, дарыла аптымістычныя жыццёвыя прагнозы вясёлая Цыганка… З радаснанастальгічнымі пачуццямі слухалі хворыя людзі песні сваёй маладосці ў выкананні Зінаіды Крупскай і Аляксея Камінскага, аж прытанцоўвалі пад музыку цымбаліста Івана Валынца! Радасць і лёгкі сум, смех і слёзы – на сустрэчы было ўсё. Ні адно сэрца ўдзячнага гледача не засталося раўнадушным да свята і да добрых падарункаў, якія для насельнікаў бальніцы сабралі калектывы прыватных унітарных прадпрыемстваў “Дыяланна”, “Асалода” і “Чыркова” (кіраўнікі Г.К. Калядова, У.М. Смычок і Д.А. Круглік), калектыў вілейскага участка Маладзечанскага малочнага камбіната. А каб госці змаглі даехаць да сваіх падапечных, паклапаціўся Вілейскі дзяржаўны каледж і яго дырэктар Ігар Кіцікаў, які выдзеліў для паездкі аўтобус.

– Калі развітваліся, то насельнікі бальніцы, амаль што ўжо родныя для нас людзі, прасілі прыязджаць яшчэ, – расказала Святлана Лях. – Мы паабяцалі, што ў наступны раз прыедзем на Вялікдзень. Як і заўсёды, з падарункамі, песнямі-танцамі і дорым настроем, бо так прыемна дарыць людзям радасць, рабіць іх жыццё хоць крышку святлейшым і цяплейшым.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 140 queries