Малалетнія вязні вайны. Напэўна, няма больш несумяшчальных паняццяў, як гэтыя – дзеці і вайна. Голад, холад, страх, слёзы – усё гэта перажывалі яны, хлопчыкі і дзяўчынкі, па чыім дзяцінстве пракацілася чорная калясніца таго ліхалецця.
Было невыносна цяжка ўсім, аднак тым, каго мы сёння называем малалетнімі вязнямі, – асабліва. Іх успаміны пра перажытае не раз друкаваліся на старонках нашай газеты. Яны – жывое сведчанне пакут народа, якія прынёс на нашу зямлю фашызм.
Антаніна Гарчакова з кагорты малалетніх вязняў, і пра яе дзяцінства мы не раз расказвалі на старонках газеты. А сёння сама Антаніна Іванаўна падзялілася ўспамінамі пра тое, што выпала перажыць у зусім маленькім узросце віляйчанцы Ліліі МАРОЗ. Вось што расказала Антаніна Іванаўна.
Ліля нарадзілася на Мядзельшчыне ў нешчаслівы год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Жахі таго ліхалецця зведалі і жыхары вёсачкі Круці, дзе жылі бацькі дзяўчынкі. Вяскоўцаў моцна каралі за сувязь з партызанамі, і менавіта за гэта загінуў бацька Лілі. А ў хуткім часе не стала і маці – памерла ад запалення лёгкіх, пакінуўшы сіротамі васьмімесячную Лілю і яе двухгадовую сястрычку. Гаротных дзетак падзялілі: старэйшую ўзяла сабе на хутар несямейная цётка, а маленькую – сям’я матчынага брата, у якой свае дзеткі памерлі ад хвароб.
Вайна вайной, а вёска жыла сваім жыццём. Вось і ў той асенні дзень, пра які пойдзе гаворка, людзі з самай раніцы збіраліся выбіраць бульбу. І раптам на досвітку наваколле асвяціла зарыва над вёскай, цішыня ўзарвалася жаночымі крыкамі і плачам. Гэта карнікі падпалілі вёску з аднаго канца, а людзей павыганялі з хат і пачалі раздзяляць на дзве групы – старых і нямоглых пакідалі дома на пагібель, а маладых і працаздольных хапалі для работы ў Германіі.
Дзядзьку і цётку Лілі ворагі далучылі да тых, чый шлях ляжаў у Нямеччыну. Што рабіць з маленькай пляменніцай, якая сям’і ўжо стала роднай? «Навошта вам чужое дзіця? Нагаруецеся там з малечай, – спачувалі жанчыны цётцы. – Лепей пакідайце яе тут». І цётка паслухалася, пасадзіла маленькую пад плот. А літаральна ў некалькіх метрах ужо бушавала полымя… І тут галоўнае слова сказаў дзядзька: «Дзе будзем мы, там і яна. Неяк пражывём. Навошта грэх на душу браць…».
Праз колькі часу сям’я апынулася ў Гамбургу, дзе баўэры выбіралі сабе рабочую сілу. Дзядзьку з цёткай забралі працаваць на вялікую ферму. З імі была і маленькая Ліля.
Памяць дзіцяці не захавала падрабязнасці таго халодна-галоднага існавання на чужбіне, пра ўсё перажытае Лілі пазней расказвалі родныя. А вось як яны вярталіся на радзіму ў бітком набітым вагоне, яна ўжо памятае. І як вярнуліся ў родную вёску на папялішча, і як цётка з дзядзькам пайшлі жабракамі, каб неяк пракарміцца самім і дзіцяці…
Пазней сям’я пабудавала новую хату ў маляўнічым месцы Мядзела, адкуль Ліля хадзіла ў школу, затым пайшла працаваць бібліятэкарам, завочна вучылася. Калі выйшла замуж, стала віляйчанкай і ўсё жыццё адпрацавала ў бібліятэцы. Ці ўзгадвае цяпер, праз столькі дзясяцігоддзяў пасля ваеннага ліхалецця, пра перажытае? Безумоўна, тое, што ў памяці, не забудзецца ёй ніколі. Як, відаць, і кожнаму з тых, каму было наканавана стаць маленькімі вязнямі той вайны.
Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО