Марш жыцця, або Як ратавалі даўгінаўскіх яўрэяў. Пра гэта расказвае адна з экспазіцый музейнага пакоя Даўгінаўскай сярэдняй школы імя У. І. Слабодчыкава.
Тры гады назад, у Год гістарычнай памяці, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2022 года №146-3 «Аб генацыдзе беларускага народа», у Даўгінаўскай сярэдняй школе, як і ў многіх іншых, быў створаны музейны пакой «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў».
Цэнтральнае месца ў музейным пакоі займае інфармацыйны стэнд, дзе расказваецца пра генацыд нашага народа як па ўсёй Беларусі, так і на Міншчыне, на Вілейшчыне. Страшныя лічбы і інфармацыю дапаўняюць здымкі-памяць, здымкі-боль, на якіх – падзеі гадоў ліхалецця, людзі, што яго перажылі.
– Каштоўнасць музея ў тым, што практычна ўсё тут, акрамя стэнда, зроблена рукамі нашых вучняў і настаўнікаў, – расказала настаўніца гісторыі, загадчыца музейнага пакоя Наталля Пташнік. – А значыць, перажыта намі, прапушчана праз сябе. Вось, да прыкладу, інтэрактыўна-інфармацыйныя кубікі, на кожным з якіх змешчана важная інфармацыя. Кубік пра канцлагеры, кубік пра спаленыя на Вілейшчыне вёскі, кубік пра дзяцей вайны… У раздзеле «Памяць маёй зямлі» таксама нашы кубікі, на якіх – усе помнікі, якія ёсць на тэрыторыі сельсавета.
Ёсць у школьным музеі і стэнд, прысвечаны творчасці вядомага земляка – скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. Бацька творцы, Іван Дзям’янавіч, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, у свой час працаваў настаўнікам Даўгінаўскай школы. Напэўна, таму такія пранікнёныя, кранаючыя за жывое творы на тэму вайны атрымліваюцца ў скульптара.
«Марш жыцця, або Як выратоўвалі даўгінаўскіх яўрэяў» – так называецца музейная экспазіцыя, якая расказвае рэальную гісторыю, што адбылася ў 1942 годзе. Тады афіцэр Чырвонай арміі Мікалай Кісялёў атрымаў загад вывесці з акупаванай тэрыторыі больш за дзве сотні яўрэяў. Змучаныя людзі са сваім выратавальнікам прайшлі сотні кіламетраў, на якіх было ўсё: боль, слёзы, страты і, канешне, надзея… Увесь шлях, якім правёў Кісялёў людзей, ратуючы іх ад пагібелі, можна ўбачыць тут, у музейным пакоі.
Яшчэ тут ёсць незвычайны экспанат – копія сцяга Перамогі, таго самага, які быў узняты над рэйхстагам. Наўрад ці многія школьныя музеі могуць паказаць наведвальнікам такі экспанат. А экскурсія «Простыя рэчы салдацкага быту», якая заўсёды прыцягвае ўвагу, знаёміць з тымі няхітрымі, але такімі важнымі для салдатаў фляжкай, кружкай, лыжкай… Іх даўгінаўцы – дзеці і дарослыя – перадалі школьнаму музею.
У пакоі, дзе захоўваецца сама гісторыя і жыве людская памяць, заўсёды своеасаблівая атмасфера. І кожны, хто тут пабывае, пранікаецца ёю да глыбіні душы, выходзіць ужо іншым чалавекам. Такая ўласцівасць у нашай агульнай памяці…
Ірына БУДЗЬКО/Даўгінаўскай сярэдняй школы імя У. І. Слабодчыкава