Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Любчанская трагедыя: як гэта было

Сёння памятны дзень для кожнага беларуса – дзень, калі асаблівым болем у сэрцах адгукаюцца хатынскія званы. Мінула восем дзясяткаў гадоў, а не забываецца і баліць…

Дзень памяці ахвяраў хатынскай трагедыі сабраў сёння ўсіх нераўнадушных людзей на Мемарыяльным комплексе на месцы былой вёскі, назва якой вядома ва ўсім свеце. Мемарыял увекавечыў больш за 600 беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з жыхарамі. Хатынь – нашы боль і памяць пра тых мірных жыхароў, хто загінуў ад рук ворагаў.

Трагічны лёс Хатыні напаткаў і 94 населеных пунктаў Вілейшчыны, пяць з якіх былі спалены разам з жыхарамі. На месцы адной з вёсачак – Любчы – сёння праходзіць мітынг-рэквіем. Некалі тут кіпела жыццё, якое абарвалася 4 мая 1943 года. Як усё было? Пра гэта расказвае краязнаўца і пісьменнік Аляксандр РАТКЕВІЧ.


Любчанская трагедыя: як гэта было

Здавалася б, пра фашызм чалавецтва ведае ўсё. А невядомыя старонкі гісторыі ўсё яшчэ адкрываюцца…. Жыве народная памяць пра ваеннае ліхалецце і на Вілейшчыне, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны было спалена 94 вёскі.

Клюева, Янава, Рабцава, Любча і Боркі, знішчаныя разам з жыхарамі, так і не адрадзіліся. Не было каму будавацца, нараджаць і гадаваць дзяцей.

Калі сумная гісторыя Борак была больш-менш вядомая дзякуючы Фаіне Анасовіч (Кучко), тады яшчэ 11-гадовай дзяўчынцы, што засталася жывой, то любчанская трагедыя ўвесь гэты час заставалася па-за кадрам. Мясцовыя жыхары расказвалі пра дваіх мужчын, якім быццам бы пашчасціла ў той трагічны майскі дзень вырвацца з палаючага тока. Але хто гэтыя людзі і як склаўся іх пасляваенны лёс, не маглі расказаць ні музеі, ні архівы. Маўляў, дзе толькі ні шукалі, сляды згубіліся. Рыхтуючы чарговы артыкул для сваёй кнігі, я вырашыў вярнуцца да гэтай тэмы. І, пагутарыўшы з жыхарамі блізляжачых ад былой Любчы вёсак,“дастаў” з забыцця прозвішчы людзей, якім наканавана было перахітрыць у той трагічны дзень смерць. На жаль іх, Міхаіла Ваўчка і Івана Трацінкі, сярод жывых ужо няма. Таму дзень 4 мая 1943 года адновім, апіраючыся на расказы жыхароў прылеглых да Любчы вёсак.

Той раніцай, калі ворагі наляцелі на Любчу, вёска ўжо не спала. Хтосьці пасвіў жывёлу, шмат хто ўжо працаваў на сваіх шнурах, гаспадыні завіхаліся па гаспадарцы. Карнікі запаланілі ўсю вясковую вуліцу. Ад іх паступіў загад пад пагрозай расстрэлу, каб усе сяляне кідалі сяўбу і тэрмінова вярталіся ў вёску для пераліку насельніцтва. Каб не падстаўляць свае сем’і, ўсе вымушаны былі падпарадкавацца загаду. Калі жыхары сабраліся, карнікі аддзялілі ад ўсёй людской масы мужчын і пагналі ў бок Борак, за рэчку, дзе наводшыбе ад сядзібы Адама Станкевіча стаяў яго ток. Спачатку вяскоўцы не зразумелі такой дзяльбы, і толькі калі каты пачалі заганяць мужчын у ток, у вёсцы пачуўся страшны жаночы крык.

Ад тока было добра бачна, як у вёсцы паліцаі з немцамі пачалі здзеквацца з маладых жанчын і дзяўчат. Вясковую вуліцу напаўняў жаночы крык уперамешку з рогатам нацыстаў і іх прыхвастняў. Задаволіўшы свае звярыныя інстынкты, тыя нелюдзі ўсіх старых і жанчын з дзецьмі загналі ў пчалярню Станкевіча. А мужчын тым часам, як ужо згадвалася вышэй, карнікі зачынілі ў таку Станкевіча. Пасля абодва будынкі з усіх бакоў аблілі бензінам і падпалілі. Натоўп мужчын адразу паспрабаваў ламануцца ў дзверы, але тыя не паддаваліся. Карнікі адкрылі страляніну па дзвярах.

Адны зняволеныя валіліся на зямлю, скошаныя варожанымі кулямі, а астатнія працягвалі ламаць дзверы.

Іван Трацінка і яшчэ некалькі чалавек у гэты момант здолелі адарваць дошку ў сцяне з супрацьлеглага боку ад дзвярэй. Дзірка выходзіла ў бок лесу, шлях да якога прыкрываў густы дым ад палаючага току. Іван, не марудзячы ні секунды, шмыгануў праз дзірку і што было моцы ірвануў далей ад смерці. Азірнуўся назад толькі тады, як апынуўся на ўзлеску, а над галавой прасвісталі кулі, што і прымусіла яго паваліцца на зямлю. І толькі тады Іван заўважыў, што за ім беглі яшчэ двое мужчын. Адзін ужо ляжаў з ім побач – Міхаіл Ваўчок. А вось хто быў трэці, не распазналі. Чалавеку заставалася пераадолець метраў 80, каб апынуцца ў лесе. Але вецер раптам павярнуў дым убок, і карнікі, заўважыўшы ўцекача, далі па ім чаргу з кулямёта, якая і зрабіла сваю чорную справу. Не распазналі чалавека яшчэ і таму, што ён быў моцна абгарэлы, вопратка на ім вісела кавалкамі і дымілася.

Крышачку аддыхаўшыся, Іван з Міхаілам даліся праз лес далей у бок балота. Праз вярсту выйшлі на той бок лесу, дзе сустрэлі боркаўскіх пастухоў са статкам кароў. Папярэдзіўшы іх пра смяротную небяспеку, параілі ўцякаць, бо і іх чакала смерць. Самі ж хуценька падаліся праз балота на другі бок рэчкі Іллі, дзе стаялі партызаны, тыя, якія днямі паміж Боркамі і Любчай у немцаў адбілі абоз з нарабаваным сялянскім дабром. Іван з Міхаілам партызанаў так і не сустрэлі. Хлопцы разумелі, што вяртацца ім няма куды, таму блукалі па лясах, залечваючы раны травой. Апёкі гаіліся вельмі марудна, але гэта ім не перашкодзіла ў лютым 1944 года далучыцца да партызанаў, у ліку якіх і дачакаліся прыходу Савецкай арміі, у рады якой адразу ўліліся.

Жыхары Любчы Адам Станкевіч з жонкай, 1930-ыя гады

У складзе 950-га стралковага палка 262-й стралковай дывізіі Іван дайшоў да Берліна, да самага рэйхстага. Але на гэтым яго франтавы шлях не скончыўся. Яго вайсковая частка была перакінута на Далёкі Усход. А калі 8 верасня 1945 года СССР абвясціў вайну Японіі, Іван Трацінка прыняў самы непасрэдны ўдзел у разгроме самураяў. За мужнасць і адвагу, праяўленыя на франтах вайны, Іван Сцяпанавіч быў узнагароджаны баявымі медалямі “За отвагу”, “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг” і “За победу над Японией”.

У сярэдзіне верасня, пасля перамогі над японцамі, Іван Трацінка вярнуўся ў Малявічы, у якіх стварыў сям’ю. Залечваючы свае душэўныя і франтавыя раны, Іван Сцяпанавіч выхаваў сыноў Уладзіміра, Івана і дачку Ларысу. А Міхаіл Ваўчок ажаніўся з ўдзельніцай вайны Соф’яй Антонаўнай. І ні адна з гэтых сямей ніколі нават і не спрабавала дамагацца якой-небудзь увагі да сябе, не патрабавала ільгот. Пражылі жыццё сціпла, сапраўднымі людзьмі, не выдзяляючыся сярод іншых.

Лічу, што гэтыя мужныя людзі, патрыёты і абаронцы краіны, заслугоўваюць таго, каб пра іх пісалі і памяталі не толькі мы, але і нашы нашчадкі! Вось такая гісторыя раскрылася праз 80 год.

Я вельмі ўдзячны нашаму жывому архіву, сведкам тых часоў, якія падказалі правільны накірунак для разгортвання чарговай старонкі нашай гісторыі. І ў самую першую чаргу жыхару вёскі Сакалоўка (былыя Чарвякі) Уладзіміру Барысевічу, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Без яго памяці наўрад ці была б калі раскрыта больш поўная карціна любчанскай трагедыі. А таксама шчыра дзякую жыхару Малявічаў пенсіянеру Васілію Шушкевічу, які таксама перадаў мне прыжыццёвыя ўспаміны самога Івана Сцяпанавіча Трацінкі. Дзякуй і зяцю Івана Трацінкі, Юрыю Ахотніку, за захаванне памяці, фота і дакументаў свайго цесця, патрыёта нашай Беларусі. Асобная мая ўдзячнасць навуковаму супрацоўніку Вілейскага краязнаўчага музея Вользе Коласавай за яе кансультацыі, падмацаваныя архіўнымі звесткамі.

Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Аляксандрам РАТКЕВІЧАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 190 queries