У субботу, 1 верасня, святочнымі мерапрыемствамі поўніліся не толькі школьныя двары. Сваё свята ўраджаю адзначалі ўсе рупліўцы вілейскай нівы. Гасцінны аграгарадок Нарач, што сустракаў у гэтым годзе раённыя дажынкі, быў напоўнены святочнымі спевамі і музыкай, багатымі гаспадарчымі падвор’ямі кожнага сельсавета і сельгасарганізацый, выставамі народных майстроў, экспазіцыямі з фотаздымкамі мінулага і сучаснасці ўборкі ўраджаю і гандлёвымі радамі. Вялікі кірмаш, па традыцыі, сустракаў лепшых перадавікоў жніва-2018.
Паўсюль снапы і караваі, што сімвалізуюць здабытак новага ўраджаю гэтага года, а на прыступках Нарачанскага сельскага Дома культуры гасцей і удзельнікаў мерапрыемства сустракаюць узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, пад кіраўніцтвам Валерыя Чачуліна і ансамбль мажарэтак пад кіраўніцтвам Ірыны Сідарэвіч. На чырвонай дарожцы старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот і пераможца раённага спаборніцтва кіраўнік ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко.
Урадзіла наша ніва –
Хлебаробам слава!
Гэта праца рук руплівых,
Хлеб – святая справа.
З такімі словамі звярнуліся да кіраўніцтва раёна і пераможцаў жніва вядучыя мерапрыемства, падносячы ў знак павагі кожнаму сімвалічныя шкляначкі з салодкім мёдам, які ззяе золатам пшанічнай нівы – як сімвал мужнасці, урадлівасці і сілы, як пажаданне салодкага жыцця. Кожны, хто знаходзіўся ў той дзень у святочнай зале, так ці інакш звязаны са жнівом. Але ганаровыя месцы займалі тыя, хто выбраў вёску для жыцця і працы. Як гаспадары гасціннай хаты сустракаюць пачэснага госця хлебам-соллю і вітаюць шчырай песняй, так і першым момантам свята на сцэне стала ўручэнне каравая з хлеба новага ўраджаю старшыні райвыканкама Віктару Кату. Гэты каравай – сімвал цеплыні рук і дабрыні сэрцаў усіх працаўнікоў нашай Вілейшчыны, сімвал напружанай працы соцень людзей, іх жыццёвай мудрасці і любові да роднай зямлі.
– Сардэчна вітаю ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і гасцей свята, – пачаў сваё выступленне старшыня райвыканкама Віктар Кот. – Дажынкі – гэта вянок земляробчай працы. На сёння хлебаробы нашай рэспублікі годна завяршаюць жніво. Сабрана больш за пяць мільёнаў тон збожжа. Свой пасільны ўклад у агульны каравай унеслі і працаўнікі Вілейшчыны. Сёння галоўнай падзеяй свята з’яўляецца ўшанаванне герояў жніва, якія сваімі шурпатымі рукамі, самаадданай працай здабывалі беларускае «золата», імя якому – хлеб. Са словамі шчырай удзячнасці адзначаю, што экзамен гэтага года на дысцыплінаванасць, уменне пераадольваць цяжкасці, вытрыманы. Тэхніка, паліва, людскія і фінансавыя рэсурсы – усё неабходнае было аддадзена для вырашэння галоўных праблем вёскі. Дзякуючы адказнаму падыходу да справы, суладнай працы на ўсіх узроўнях гарантаваны харчовы дабрабыт нашага раёна. У раёне сабрана 49,5 тысяч тон збожжа, атрымана ўраджайнасць збожжавых 20 ц/га. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый самых высокіх паказчыкаў па ўраджайнасці дасягнулі хлебаробы ААТ «Нарачанскія зоры» – 42,1 ц/га, ААТ «Чурлёны» – 30,2 ц/га, СУП «Усходні агра» – 29,0 ц/га. Лепшы вынік на ўборцы ўраджаю збожжа і зернебабовых культур – у сельскагаспадарчых арганізацый ААТ «Нарачанскія зоры» (дырэктар Кучко Генадзь Мечыслававіч), філіяле «Бубны» УП «Мінгаз» (дырэктар Бушмовіч Андрэй Мар’янавіч), ААТ «Чурлёны» (дырэктар Грымбоўскі Аляксандр Паўлавіч).
Неабходна адзначыць і лепшых работнікаў на ўборцы збожжавых. Гэта камбайнеры Аляксандр Гарэлік і Мікалай Гарэлік (ААТ «Нарачанскія зоры»), Васіль Гнаценка і Дзяніс Азончык (ААТ «Сцешыцы»), Іван Баравы (ААТ «Чурлёны»), вадзіцелі на адвозцы зерня Аляксандр Мандрык (ААТ «Новая Вілія»), Мікалай Бурак (ААТ «Нарачанскія зоры»), Анатоль Баравы (ААТ «Чурлены»). Актыўны ўдзел ва ўборцы збожжавых прымала моладзь. Ва ўборачнай кампаніі бягучага года прынялі ўдзел 10 моладзевых камбайнавых экіпажаў. Лепшымі сярод іх сталі: камбайнеры Руслан Садоўскі (ААТ «Нарачанскія зоры»), Вадзім Грабянёк і Аляксей Шышла (ААТ «Сцешыцы»), Фёдар Ягаловіч (ААТ «Чурлены»), вадзіцелі на адвозцы збожжа Максім Гурскі (ААТ «Нарачанскія зоры»), Аляксандр Казановіч (ААТ «Чурлёны»), Ілья Петрусевіч (РСУП «Першы Беларускі»).
103 камбайнавыя экіпажы былі задзейнічаны ў летняй гарачай пары, 4 з іх намалацілі больш за тысячу тон збожжа. Поспех любой справы, як вядома, забяспечваюць людзі. Таму за ўсімі гэтымі паказчыкамі – ваша напружаная праца, паважаныя механізатары, паляводы, працоўныя аграсэрвісу, кіраўнікі і спецыялісты, усе тыя, хто канкрэтнай справай ўнёс уклад ва ўборку ўраджаю. Значную дапамогу работнікам АПК на ўборцы аказвалі работнікі прамысловых, будаўнічых, транспартных арганізацый, работнікі сацыяльнай і культурнай сферы. Хочацца выказаць падзяку ўсім шэфам за іх значны ўклад у каравай Вілейшчыны і пажадаць ім усяго самага найлепшага. Імёны лепшых работнікаў на ўборцы ўраджаю мы назавем сёння на нашым свяце і падзякуем ім за высокапрафесійную працу на карысць нашай краіны і беларускага народа. Ад душы дзякуем усім, хто зрабіў свой унёсак у важкі каравай 2018 года. Упэўнены, што дасягнуты вынік не стане мяжой і, працуючы з поўнай аддачай, вы памножыце яго! – адзначыў Віктар Кот.
На свяце прысутнічалі і ганаровыя госці. Свае віншаванні з раённымі дажынкамі ўсім хлебаробам Вілейшчыны адрасаваў ад імя старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Ягор Сіняк, адзначыўшы, што таксама не па чутках ведае справу земляроба, бо ў юнацтве разам са сваім бацькам працаваў на камбайне. Ягор Сцяпанавіч заўважыў, што для працаўнікоў сяла амаль не бывае выхадных, бо зямля патрабуе штодзённага клопату. Таксама Ягор Сіняк уручыў хлебаробам раёна абласныя ўзнагароды.
Падзяка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці аб’яўлена: Уладзіміру Батуру, трактарысту-машыністу ААТ «Сцешыцы»; Вячаславу Маціеўскаму, вадзіцелю СУП «Усходні агра»; Мікалаю Хаткевічу, вадзіцелю ААТ «Новая Любанія».
Не застаюцца ў баку падчас гарачай пары жніва і прафсаюзы нашай краіны і нашага раёна. Яны ўзнагароджваюць і падтрымліваюць маладых працаўнікоў, аддаюць даніну павагі вопытным хлебаробам. На свяце ў Нарачы прысутнічаў намеснік старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Пётр Акунёў, які падзякаваў усім за добрасумленную працу і ўзнагародзіў граматамі і падарункамі супрацоўнікаў сельгасарганізацый. Падзячнае пісьмо Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу ўручана: Іне Саковіч, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Алая зара»; Анастасіі Шыцікавай, галоўнаму аграному ААТ «Сцешыцы»; Эдуарду Супрановічу, галоўнаму інжынеру СУП «Усходні агра»; Паўлу Бабарыку, трактарысту-машыністу ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс»; Вацлаву Вайцяшонку, вадзіцелю РСУП «Першы Беларускі».
Старшыня Вілейскага райвыканкама Віктар Кот разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аленай Чабатар уручылі ўзнагароды ад Вілейскага раённага выканаўчага камітэта. Пераможцамі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур і лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу адзначаны сярод сельскагаспадарчых арганізацый: ААТ «Нарачанскія зоры», дырэктар Генадзь Кучко; філіял «Бубны» УП «Мінгаз», дырэктар Андрэй Бушмовіч; ААТ «Чурлёны», дырэктар Аляксандр Грымбоўскі.
Урачыстую цырымонію па ўзнагароджванні перадавікоў жніва працягнулі першы намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Аляксандр Брыль і старшыня Вілейскага раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч.
Сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў пераможцамі раённага спаборніцтва на уборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур прызнаны: экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Гарэліка і камбайнера Мікалая Гарэліка, ААТ «Нарачанскія зоры»; экіпаж у складзе: старшага камбайнера Васіля Гнаценка і камбайнера Дзяніса Азончыка, ААТ «Сцешыцы»; старшага камбайнера Івана Баравога, ААТ «Чурлёны». Сярод маладзёжных экіпажаў зернеўборачных камбайнаў: старшага камбайнера Руслана Садоўскага, ААТ «Нарачанскія зоры»; экіпаж у складзе: старшага камбайнера Вадзіма Грабянька і камбайнера Аляксея Шышла, ААТ «Сцешыцы»; старшага камбайнера Фёдара Ягаловіча, ААТ «Чурлёны». Сярод вадзіцеляў і трактарыстаў-машыністаў транспартных сродкаў грузападымальнасцю звыш 3,5 тон на адвозцы збожжа ад камбайнаў: Аляксандра Мандрыка, вадзіцеля ААТ «Новая Вілія»; Мікалая Бурака, вадзіцеля ААТ «Нарачанскія зоры»; Анатоля Баравога, вадзіцеля ААТ «Чурлёны». Сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў грузападымальнасцю звыш 3,5 тон на адвозцы збожжа ад камбайнаў: Максіма Гурскага, вадзіцеля ААТ «Нарачанскія зоры»; Аляксандра Казановіча, вадзіцеля ААТ «Чурлёны»; Ілью Петрусевіча, вадзіцеля РСУП «Першы Беларускі». Сярод аператараў зернеачышчальна-сушыльных комплексаў: звяно ў складзе машыністаў Валерыя Рогача, Уладзіміра Рогача, Валерыя Тараповіча, Уладзіміра Лукшы, ААТ «Чурлёны»; звяно ў складзе машыністаў Ігара Чараповіча, Юрыя Горбача, Васіля Якаўлева, ААТ «Нарачанскія зоры»; звяно ў складзе машыністаў Алега Балвака, Рамана Цецерука, Андрэя Уладыкі, Алега Акуньковіча, ААТ «Новая Любанія». Сярод галоўных аграномаў сельскагаспадарчых арганізацый: Віктара Драчылоўскага, галоўнага агранома ААТ «Нарачанскія зоры»; Леаніда Холада, галоўнага агранома ААТ «Чурлёны»; Валерыя Карповіча, галоўнага агранома філіяла «Бубны» УП «Мінгаз». Сярод галоўных інжынераў сельскагаспадарчых арганізацый: Анатоля Кавалёнка, галоўнага інжынера ААТ «Нарачанскія зоры»; Юрыя Ардзяка, галоўнага інжынера ААТ «Чурлёны»; Міхаіла Азямблоўскага, галоўнага інжынера філіяла «Бубны» УП «Мінгаз».
Падчас уборачнай кампаніі побач з мужчынамі працавалі і жанчыны, якія таксама ў многім момантах не адставалі ад моцнай паловы. Як і кожная гаспадыня на вёсцы, што ў гэты нялёгкі час жніва забяспечвала надзейны тыл свайму мужу. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Наталія Жыбуль адзначыла падарункамі жанчын-герояў жніва: Святлану Войніч, памочніцу камбайнера філіала «Бубны» УП «Мінгаз»; Галіну Машко, камбайнера ААТ «Даўганіва».
Прыгожыя падвор’і, што размяшчаліся каля ўвахода ў Нарачанскі Дом культуры, кожнага прываблівалі сваім каларытам восеньскіх дарункаў хлебных палёў і вясковых агародаў, шчырымі песнямі і пачастункамі. Сярод сельгасарганізацый, што разам з сельсаветамі стваралі гэтыя падвор’і, быў арганізаваны конкурс на лепшы каравай новага ўраджаю. Мясцовыя гаспадыні вельмі стараліся, і было бачна, што кожны каравай атрымаўся на славу. Але раённае журы сярод самых лепшых вызначыла каравай на падворку ААТ «Чурлёны» і Іжскага сельвыканкама.
Як кажуць у народзе: «Хто як працуе – той так і святкуе». І святочны канцэрт прафесійных і самадзейных калектываў раёна і горада на свяце дажынак таму пацвярджэнне. Свае лепшыя нумары прадэманстравалі вілейскія артысты на свяце ў Нарачы, каб аддзячыць песняй за плённую працу кожнага працаўніка. Як і маленькая зорачка Вілейшчыны Вера Патаповіч, што сваім выкананнем песні заваражыла ўсіх гасцей свята.
Са святам, хлебаробы Вілейшчыны! Дастатку і дабрабыту кожнай сям’і, каб духмяны хлеб быў упрыгожваннем нашага стала на працягу многіх гадоў.
Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара
Интересно, а дорожка кремлевская или в Витебске тканая