Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Другі Гюго нарадзіўся ў Каловічах

Успамін з дзяцінства. Нейкае вясковае свята. Людзі весяляцца, танцуюць, спяваюць. Як зараз памятаю тыя песні… «Ля царквы стаяла карэта», «Па дзікіх стэпах Забайкалля» былі, што называецца, кароннымі ў тых імправізаваных канцэртах. Далёка-далёка разносілася працяжнае «По диким степям Забайкалья, где золото роют в горах, бродяга, судьбу проклиная, тащился с сумой на плечах…» Сэрца перапаўнялася  жалем да таго брадзягі, які самотна спявае песню пра радзіму, блізкіх. Шчыра прызнацца, тады і не задумвалася, хто аўтар гэтай вядомай песні.
Усё гэта міжволі ўзгадвала на ўрачыстасці ў вёсцы Каловічы, якая адбылася ў першы дзень ліпеня. Тут адкрывалі памятную дошку Івану Кандрацьеву, гісторыку, краязнаўцу, паэту-песенніку, пісьменніку, перакладчыку. Зусім нядаўна мы даведаліся, што гэты ўнікальны чалавек нарадзіўся на Вілейшчыне, у вёсцы Каловічы, дзе пражыў да сямі гадоў. А затым былі іншыя мясціны, вялікія гарады, дарослае жыццё, творчасць, знаёмства і сяброўства з сусветна вядомымі творцамі. Ён дасягнуў такіх вышынь! Яго параўноўвалі з Гюго. Але ў памяці гэтага чалавека заўсёды жылі мілыя сэрцу вобразы вёсачкі, дзе нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, сказаў першае слова. Ці не туга па радзіме і «надыктавала» яму песню, з якой я пачала і аўтарам якой ён з’яўляецца? Хто ведае.
Некалі адна са старэйшых жыхарак Каловічаў Зінаіда Васільеўна Капцюг расказала дырэктару мясцовага дома майстроў Тамары Бурко пра вельмі разумнага хлопчыка, які нарадзіўся і рос у сям’і Кандратавых (так звалі іх у вёсцы). Ён стаў, падзялілася жанчына,  вялікім чалавекам… З таго часу Тамара Вітальеўна загарэлася ідэяй знайсці як мага болей інфармацыі пра знакамітага земляка, пра якога на той час практычна нічога не ведалі. Да пошуку падключыліся тады і вядомы на Вілейшчыне краязнаўца Анатоль Рогач, і дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, і загадчык кафедры культуралогіі  універсітэта культуры і мастацтваў, прафесар, доктар гістарычных навук і культуралогіі, ураджэнец каловіцкай зямлі Аляксандр Смолік. І вось яны, вынікі гэтай сумеснай працы: у чэрвені 2012 года ў Каловічах прайшло свята, прысвечанае знакамітаму земляку; яшчэ праз год у Вілейцы адбыліся першыя  кандрацьеўскія чытанні, арганізаваныя міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і Вілейскім райвыканкамам; і, што надзвычайна важна, убачыла свет цудоўная кніжка Аляксандра Смоліка  «Божы дар Івана Кандрацьева»…
Адкрыццё памятнай дошкі ў Каловічах прайшло ў рамках свята нашага горада, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 555-годдзю Вілейкі. Пра тое, наколькі значымым было гэта мерапрыемства, можна меркаваць ужо па тым, што вельмі многія людзі палічылі неабходным на ім прысутнічаць. Акрамя гасцей са сталіцы Аляксандра Смоліка  і музыказнаўцы старшага выкладчыка Беларускай акадэміі музыкі Маргарыты Сакалоўскай, на свяце прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, старшыня Любанскага сельвыканкама Уладзімір Чуковіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі, яго намеснік Жанна Петух, аўтар памятнай дошкі архітэктар Анатоль Капцюг, дырэктар краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, жыхары вёскі і прыезджыя. Дастойным было і музычнае суправаджэнне свята – хораша спявалі гурт «Бабіна лета» пад кіраўніцтвам Сяргея Рудніцкага, Аляксандр Высоцкі (ён, ураджэнец гэтых мясцін, выступаў перад землякамі з асаблівым натхненнем), Юрый Касцюкевіч, Жанна Вярбіцкая, Уладзімір  Купрэенка… І песні гучалі самыя розныя – ад ваенных да вясёлых народных, ад якіх ногі самі прасіліся ў скокі.
І вось ён, самы ўрачысты момант, – адкрыццё памятнай дошкі. Цяпер тут, на ўездзе ў вёску, яна прапісалася назаўсёды. Як сведчанне нашай гістарычнай памяці. А яшчэ – як яскравы доказ, што нераўнадушным і  ініцыятыўным пад сілу многае. Дзякуючы прысутным за дапамогу, Тамара Бурко асаблівымі словамі  адзначыла  сваіх родных, якія ва ўсім ёй дапамагалі  і дзялілі яе радасці і перажыванні, кіраўніку ДРБУ-162 Аляксандру Майстровічу, начальнікам службаў райвыканкама Сяргею Паўлоўскаму і Аляксандру  Корсаку, старшыні сельвыканкама Уладзіміру Чуковічу і ўсім-усім, хто верыў  (ды і не верыў) у добрую справу.
Аўтар памятнай дошкі Анатоль Капцюг сказаў, выступаючы перад прысутнымі: «Усе мы цяпер сталі важнейшымі». Як проста і як правільна!
А затым была другая, не менш цікавая, частка мерапрыемства – свята вёскі Каловічы. Старонкі яе гісторыі, мноства прозвішчаў тых, хто тут нарадзіўся і славіў бацькаўшчыну сумленнай працай, ушанаванне самага юнага і самага старэйшага жыхароў, лепшых падворкаў, падарункі і песні – усё гэта было на свяце. Доўга-доўга наваколле напаўнялі гукі музыкі. І на ўсё гэта з памятнай дошкі глядзеў Іван Кандрацьеў. Здавалася, што і ён , разам з землякамі,радаваўся гэтаму дню. А можа, і дзякаваў ім за памяць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 68 queries